ТРЫУМВІРА́Т [лац. triumviratus ад tres (trium) тры + vir муж],
у Старажытным Рыме: 1) калегія з 3 асоб (трыумвіраў), прызначаных ці выбраных для рэалізацыі пэўных мэт (напр., у 133 да н.э. для правядзення зямельнай рэформы Тыберыя Гракха).
2) У час грамадз. войнаў у 1 ст. да н.э. саюз 3 паліт. ваен. дзеячаў, створаны з мэтай захопу і падзелу ўлады. 1-ы Т. у 60 (або 59) — 53 да н.э. паміж Юліем Цэзарам, Гнеем Пампеем, Ліцыніем Красам, якія, зрабіўшы сваёй апорай легіёны, падзялілі паміж сабой і прыхільнікамі дзярж. пасады, праводзілі ў сваіх інтарэсах законы. Вядучая роля ў 1-м Т. належала Цэзару. Пасля гібелі Ліцынія Краса і абвастрэння адносін паміж Пампеем і Цэзарам 1-ы Т. распаўся. 2-і Т. 43—36 (фармальна да 31 да н.э.) заключаны паміж Гаем Аўгустам, Маркам Антоніем і Лепідам супраць рэспубліканцаў на чале з Маркам Брутам і Касіем. Каміцыі зацвердзілі надзвычайныя паўнамоцтвы трыумвіраў, якія выкарысталі іх для арганізацыі праскрыпцый і падзелу правінцый. Гэты Т. распаўся з-за супярэчнасцей паміж трыумвірамі, гал. чынам паміж Актавіянам і Антоніем.
А.Г.Зельскі.
т. 16, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)