род хвастатых земнаводных сям. сапраўдных саламандраў. 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. Жывуць у вадаёмах (у перыяд размнажэння) і на сушы ў вільготных (часта поймавых) мясцінах, у лісцевых і мяшаных лясах, хмызняках. На Беларусі 2 віды Т.: звычайны, ці малы (T. vulgaris), і грабеньчаты (T. cristatus).
Даўж. цела да 18 см, хваста — блізкая да даўж. цела. Хвост сплюшчаны з бакоў, зверху і знізу мае скурыстую аблямоўку. Павекі развітыя. Зубы на абедзвюх сківіцах, паднябенныя зубы размешчаны радамі. Кормяцца дробнымі воднымі і сухапутнымі беспазваночнымі. Развіццё з ператварэннем. Пры неспрыяльных умовах метамарфозу часам назіраецца неатэнія. Лабараторныя жывёлы.
Э.С.Самусенка.
Трытоны: 1 — звычайны; 2 — грабеньчаты (а — самец; б — самка).