ТРЫУ́МФ (ад лац. triumphus),
1) у Старажытным Рыме ўрачыстае ўваходжанне ў сталіцу палкаводца-пераможцы з войскам. Прызначаўся сенатам і з’яўляўся вышэйшай ваен. узнагародай. Трыумфальнае шэсце (ад Марсавага поля да храма Юпітэра на Капітоліі) пачыналі сенатары і магістраты, пасля рухалася калясніца, запрэжаная чацвёркай белых коней, на якой стаяў трыумфатар з лаўровым вянком і атрыбутамі Юпітэра. Пасля ішлі музыкі, войска, неслі здабычу, вялі палонных. На Капітоліі трыумфатар прыносіў ахвяры Юпітэру. Імёны трыумфатараў запісвалі ў трыумфальныя фасты. У асобных выпадках у гонар перамогі ўзводзілі трыумфальныя аркі. У Рыме праводзіліся таксама малыя Т. — авацыі.
2) У пераносным сэнсе — бліскучы поспех, урачыстасць з нагоды выдатнай перамогі.
А.Г.Зельскі.
т. 16, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)