Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САНСКРЫ́Т (ад санскр. апрацаваны),

літаратурна апрацаваная мова арыйскай цывілізацыі ў Індыі (у процілегласць пракрыту — мове неадукаваных мас); адна з асн. стараж.-індыйскіх моў. Вызначаецца строга нармалізаванай граматыкай.

У фанетыцы С. 3 чыстыя галосныя (а, е, о), 2 глайды (і, u), плаўныя складовыя (r, l), багатая ўпарадкаваная сістэма зычных (з проціпастаўленнем звонкасці-глухасці, прыдыхальнасці-непрыдыхальнасці), свабодны націск, залежныя ад націску тоны; у марфалогіі — сямісклонавая сістэма імя, клічная форма, 3 роды і лікі, багатая сістэма катэгорый і форм дзеяслова; у лексіцы — вял. колькасць складаных слоў, часам эквівалентных сінтагме ці цэламу сказу. С. падзяляецца на ведыйскі (15—5 ст. да н.э.), эпічны (5 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.) і класічны, або С. у вузкім сэнсе (2—16 ст. н.э.).

Санскрытамоўная культура мае найбагацейшую л-ру. Ведыйскія тэксты (гл. Веды) — творы рэлігійныя (гл. Ведычная рэлігія), маст., навук., філас., юрыдычныя, якія ў храналагічным парадку распадаюцца на 4 цыклы: Самгіта — збор гімнаў (Рыгведа і інш.), Брахманы — каментарый да Веды і інш., Упанішады — рэлігійныя і філас. аповесці, Сутры — звод розных практычных правіл. На эпічным С. створаны сусветнавядомыя эпасы «Махабхарата» і «Рамаяна». Класічны С. прадстаўлены ў першую чаргу тэкстамі інд. граматыстаў. Нормы класічнага С. выкладзены ў граматыцы Паніні (5—4 ст. да н.э.). На пісьме выкарыстоўваліся пераважна разнавіднасці шрыфту дэванагары. У Індыі С. выкарыстоўваецца як мова гуманітарных навук і культу. З адкрыццём і пачаткам вывучэння С. ў Еўропе звязана зараджэнне параўнальна-гістарычнага мовазнаўства.

Літ.:

Иванов В.В., Топоров В.Н. Санскрит. М., 1960;

Барроу Т. Санскрит: Пер. англ. М., 1976;

Кочергина В.А. Санскритско-русский словарь. 2 изд. М., 1987.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 14, с. 159

САНТА́ЛАВАЕ ДРЭ́ВА, сантал, сандалавае дрэва, белае,

індыйскае (Santalum album),

кветкавая расліна сям. санталавых. Пашырана ў Індыі, на п-ве Малака і астравах Малайскага архіпелага. Здаўна культывуецца ў Індыі, Кітаі і інш.

Дрэва выш. каля 10 м, вечназялёнае, з густой кронай. Належыць да раслін-паўпаразітаў. Лісце супраціўнае. Кветкі зеленаватыя, чырв., часам жоўтыя. Плод — касцянка. Драўніна з жаўтавата-карычневым ядром і белай абалонай, пахучая, мае ў сабе эфірны алей (3—6%), цвёрдая, трывалая, устойлівая да тэрмітаў. Ідзе на маст. вырабы, курыльныя палачкі для рэліг. цырымоній і інш. Алей выкарыстоўваецца ў парфумерыі і медыцыне. Часам тэрмінам «сандалавае дрэва» наз. дрэвы (бафія, дэрыс і інш.), якія маюць прыгожую і духмяную драўніну. Гл. таксама Кампешавае дрэва.

В.​М.​Прохараў.

Галінка санталавага дрэва.

т. 14, с. 160

САНТАНДЭ́Р (Santander),

горад на Пн Іспаніі. Адм. ц. аўт. вобласці і правінцыі Кантабрыя. Каля 200 тыс. ж. (2000). Порт на Біскайскім зал., вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: чорная металургія, судна- і самалётабудаванне, вытв-сць электраабсталявання, хім., тэкст., харчасмакавая, у т. л. рыбакансервавая і тытунёвая. Цэнтр рыбалоўства. 2 ун-ты. Кліматычны прыморскі курорт. Гатычны сабор (13 ст.) і кляштар (14 ст.).

т. 14, с. 162

САНТАРЫ́Н,

другая назва групы астравоў у Эгейскім м., у архіпелагу Кіклады, тэр. Грэцыі, гл. Тыра.

т. 14, с. 162

САНТАЯ́НА ((Santayana) Джордж) (16.12.1863, Мадрыд — 26.9.1952),

амерыканскі філосаф, пісьменнік, прадстаўнік крытычнага рэалізму ў філасофіі. Праф. Гарвардскага ун-та (1907—12). Філас. погляды С. спалучаюць рысы ідэалізму і матэрыялізму. Стваральнік канцэпцыі метафізічнай сістэмы быцця, якое разглядаў як сукупнасць 4 царстваў: матэрыі, сутнасці, ісціны і духа. У трактоўцы сутнасці рэчаў набліжаўся да платанізму. прызнаваў аб’ектыўнае існаванне матэрыяльнага свету, але даступнай пазнанню лічыў выключна сутнасць. На думку С., абсалютная верагоднасць уласціва толькі феноменам свядомасці і духоўных утварэнняў, таму што яны надаюць быццю якасную акрэсленасць. Паводле С., пазнанне не адлюстроўвае рэчаіснасці; веды аб знешнім свеце адрозніваюцца суб’ектыўным, сімвалічным характарам, а найвышэйшай формай светаразумення з’яўляецца міф. У этыцы падтрымліваў канцэпцыю эскапізму, паводле якой шляхам да шчасця з’яўляецца вызваленне духу ад плоці, свету і пазнання. У сац. тэорыі прытрымліваўся прынцыпу біялагізму: развіццё грамадства звязваў з імкненнем да самазахавання. Для паліт. поглядаў С. характэрны крытыка дэмакратыі і падтрымка ідэі панавання «эліты». Аўтар прац «Жыццё розуму» (т. 1—5, 1905—06), «Царствы быцця» (т. 1—4, 1927—40), рамана «Апошні пурытанін» (1935) і інш.

В.​І.​Боўш.

т. 14, с. 162

СА́НТА-А́НА (Santa Ana),

горад у ЗША, на Пд штата Каліфорнія, каля г. Лос-Анджэлес. Засн. ў 1869. 300 тыс. ж., з г. Анахайм і агульнымі прыгарадамі больш за 2 млн. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорты. Прам-сць: вытв-сць радыёэлектроннага абсталявання (пераважна для ваен. мэт), агульнае машынабудаванне, металаапр., прыладабуд., харчовая. Кліматычны курорт.

т. 14, с. 160

СА́НТА-А́НА (Santa Ana),

горад на З Сальвадора, каля падножжа вулкана Санта-Ана. Адм. ц. аднайм. дэпартамента. Засн. ў 1569. Каля 300 тыс. ж. (2000). На Панамерыканскай шашы, вузел чыгунак і аўтадарог. Другі, пасля сталіцы, па эканам. значэнні горад. Цэнтр раёна вырошчвання кавы. Прам-сць: харчасмакавая (вытв-сць растваральнай кавы, тытунёвых вырабаў), тэкст., запалкавая. Арх. помнікі калан. перыяду.

т. 14, с. 160

СА́НТА-ДАМІ́НГА (Santo Domingo),

горад, сталіца Дамініканскай Рэспублікі, на паўд. узбярэжжы в-ва Гаіці. 3599 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Вузел аўтадарог, порт на Карыбскім м. Міжнар. аэрапорт. Найважнейшы эканам. і культ. цэнтр, дае больш за палавіну прамысл. прадукцыі краіны. Прам-сць: харчасмакавая (цукр., ромавая, алейная, мылаварная, тытунёвая), тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, цэм., лесапільная, мэблевая. Акадэміі: мовы, гісторыі, музычная. 2 ун-ты. Горад перыядычна церпіць ад ураганаў. Цэнтр турызму.

Засн. ў 1496 Б.​Калумбам (братам Х.​Калумба) пад назвай Новая Ізабела, потым названы С.-Д. У 1538 у горадзе засн. ун-т. У 16 ст. тут знаходзілася рэзідэнцыя віцэ-караля ісп. калоній у Амерыцы. З 1844 сталіца Дамініканскай Рэспублікі. У 1916—24 акупіраваны амер. войскамі. У 1930 горад знішчаны ўраганам. Пасля адбудовы ў 1936 атрымаў назву Сьюдад-Трухільё (з 1962 зноў С.-Д.). У 1965 горад — арэна баёў паміж урадавымі войскамі і сіламі хунты.

У 1-й пал. 16 ст. горад набыў рэгулярную планіроўку. Забудоўваўся магутнымі каменнымі збудаваннямі ў стылі, пераходным ад готыкі да рэнесансу: манум. вежа Торэ дэль Аменахе (1503—07), замак-палац Каса дэль Альмірантэ (1510—14), сабор (1512—40) з грабніцай Х.​Калумба, палац Каса дэ Энгомбе (1535), шпіталі, кляштары, 2-павярховыя жылыя дамы з унутр. дворыкамі. У 1543—1702 узведзены гар. сцены (захаваліся часткова). Пасля ўрагану 1930 узводзяцца жалезабетонныя будынкі. Сярод значных пабудоў 20 ст.т-р (1913), атэль «Ярагуа» (1943) і інш. Музеі: нац., Нац. маст. галерэя і інш. Калан. цэнтр С.-Д. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Санта-Дамінга. Вежа Торэ дэль Аменахе.

т. 14, с. 160

СА́НТА-ІСАБЕ́ЛЬ (Santa Isabel),

назва да 1973 сталіцы Экватарыяльнай Гвінеі г. Малаба.

т. 14, с. 160

СА́НТА-КРУС (Santa Cruz),

Санта-Крус-дэ-ла-Сьера, горад у цэнтр. ч. Балівіі. Адм. ц. аднайм. дэпартамента. Засн. ў 1560. 1065 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Чыг. станцыя на чыгунцы ў Бразілію і Аргенціну, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Эканам. цэнтр усх. ч. краіны. Прам-сць: харчасмакавая (вінаробчая, цукр., тытунёвая, шакаладная), гарбарна-абутковая, дрэваапрацоўчая; у прыгарадзе Эль-Пальмарэ нафтаперапрацоўка. Цэнтр раёна арашальнага земляробства (бавоўнік, цукр. трыснёг, тытунь, рыс, кава, какава). Ун-т. Арх. помнікі каланіяльнага перыяду.

т. 14, с. 160