горад, сталіца Дамініканскай Рэспублікі, на паўд. узбярэжжы в-ва Гаіці. 3599 тыс.ж. з прыгарадамі (2000). Вузел аўтадарог, порт на Карыбскім м.Міжнар. аэрапорт. Найважнейшы эканам. і культ. цэнтр, дае больш за палавіну прамысл. прадукцыі краіны. Прам-сць: харчасмакавая (цукр., ромавая, алейная, мылаварная, тытунёвая), тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, цэм., лесапільная, мэблевая. Акадэміі: мовы, гісторыі, музычная. 2 ун-ты. Горад перыядычна церпіць ад ураганаў. Цэнтр турызму.
Засн. ў 1496 Б.Калумбам (братам Х.Калумба) пад назвай Новая Ізабела, потым названы С.-Д. У 1538 у горадзе засн.ун-т. У 16 ст. тут знаходзілася рэзідэнцыя віцэ-караля ісп. калоній у Амерыцы. З 1844 сталіца Дамініканскай Рэспублікі. У 1916—24 акупіраваны амер. войскамі. У 1930 горад знішчаны ўраганам. Пасля адбудовы ў 1936 атрымаў назву Сьюдад-Трухільё (з 1962 зноў С.-Д.). У 1965 горад — арэна баёў паміж урадавымі войскамі і сіламі хунты.
У 1-й пал. 16 ст. горад набыў рэгулярную планіроўку. Забудоўваўся магутнымі каменнымі збудаваннямі ў стылі, пераходным ад готыкі да рэнесансу: манум. вежа Торэ дэль Аменахе (1503—07), замак-палац Каса дэль Альмірантэ (1510—14), сабор (1512—40) з грабніцай Х.Калумба, палац Каса дэ Энгомбе (1535), шпіталі, кляштары, 2-павярховыя жылыя дамы з унутр. дворыкамі. У 1543—1702 узведзены гар. сцены (захаваліся часткова). Пасля ўрагану 1930 узводзяцца жалезабетонныя будынкі. Сярод значных пабудоў 20 ст. — т-р (1913), атэль «Ярагуа» (1943) і інш. Музеі: нац., Нац.маст. галерэя і інш.Калан. цэнтр С.-Д. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.