САНТАЯ́НА ((Santayana) Джордж) (16.12.1863, Мадрыд — 26.9.1952),
амерыканскі філосаф, пісьменнік, прадстаўнік крытычнага рэалізму ў філасофіі. Праф. Гарвардскага ун-та (1907—12). Філас. погляды С. спалучаюць рысы ідэалізму і матэрыялізму. Стваральнік канцэпцыі метафізічнай сістэмы быцця, якое разглядаў як сукупнасць 4 царстваў: матэрыі, сутнасці, ісціны і духа. У трактоўцы сутнасці рэчаў набліжаўся да платанізму. прызнаваў аб’ектыўнае існаванне матэрыяльнага свету, але даступнай пазнанню лічыў выключна сутнасць. На думку С., абсалютная верагоднасць уласціва толькі феноменам свядомасці і духоўных утварэнняў, таму што яны надаюць быццю якасную акрэсленасць. Паводле С., пазнанне не адлюстроўвае рэчаіснасці; веды аб знешнім свеце адрозніваюцца суб’ектыўным, сімвалічным характарам, а найвышэйшай формай светаразумення з’яўляецца міф. У этыцы падтрымліваў канцэпцыю эскапізму, паводле якой шляхам да шчасця з’яўляецца вызваленне духу ад плоці, свету і пазнання. У сац. тэорыі прытрымліваўся прынцыпу біялагізму: развіццё грамадства звязваў з імкненнем да самазахавання. Для паліт. поглядаў С. характэрны крытыка дэмакратыі і падтрымка ідэі панавання «эліты». Аўтар прац «Жыццё розуму» (т. 1—5, 1905—06), «Царствы быцця» (т. 1—4, 1927—40), рамана «Апошні пурытанін» (1935) і інш.
В.І.Боўш.
т. 14, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)