Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПАЛЕА... (ад грэч. palaios старажытны), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: старажытны, што належыць да старажытнасці (напр., палеаантрапалогія, палеабатаніка, палеаліт).

т. 11, с. 542

ПАЛЕААНТРАПАЛО́ГІЯ (ад палеа... + антрапалогія),

раздзел антрапалогіі, які вывучае змены фіз. тыпу чалавека ад першапачатковых стадый яго існавання (архантрапы) да канчатковага сфарміравання вял. рас сучаснага чалавецтва (неаантрапы). П. цесна звязана з палеанталогіяй, палеабатанікай, археалогіяй, геалогіяй антрапагену. Звесткі П. выкарыстоўваюць пры вывучэнні суадносін антрапа- і сацыягенезу, гісторыі фарміравання, рассялення, узаемадзеяння і ўзаемаўплыву расавых тыпаў і ў сувязі з некат. пытаннямі антрапагенезу і этнагенезу.

т. 11, с. 542

ПАЛЕАА́НТРАПЫ (ад палеа... + грэч. anthrōpos чалавек),

выкапнёвыя людзі, якія жылі ў эпоху ніжняга (ранняга) і сярэдняга палеаліту (150—35 тыс. г. назад). Гл. Неандэртальцы.

т. 11, с. 542

ПАЛЕАБАТА́НІКА (ад палеа... + батаніка),

фітапалеанталогія, навука пра выкапнёвыя расліны; раздзел палеанталогіі і батанікі. Вывучае драўніны (палеаксілалогія), насенне, плады, дыяспоры (палеакарпалогія, або палеадыяспаралогія), пылок і споры (палеапаліналогія), эпідэрму і вусцейкавы апарат выкапнёвых раслін (палеастаматаграфія), адбіткі і рэшткі іх лістоў, сцёблаў і інш. ч. (іхнафіталогія), выкапнёвыя водарасці (палеаальгалогія, або палеафікалогія) і грыбы (палеамікалогія). Асн. кірункі даследаванняў: марфал., сістэм. (філагенет.), фларыстычны (палеафларыстыка), экалагічны (палеаэкалогія раслін), вывучэнне пашырэння раслін геал. мінулага (палеафітагеаграфія). Цесна звязана з гіст. геалогіяй, палеагеаграфіяй, палеакліматалогіяй, эвалюц. вучэннем і інш. Мае важнае значэнне для геал. разведкі.

Знаходкі рэшткаў выкапнёвых раслін упаміналіся з 7—6 ст. да н.э. (Ксенафан і інш.). Як навука П. сфарміравалася ў пач. 19 ст. (А.Браньяр, ням вучоны Э.Шлотгайм, чэш. — К.М.Штэрнберг). Уклад у яе развіццё зрабілі Ф.Унгер, англ. вучоныя В.Ланг, Дз.Г.Скот, У.Чаланер, Д.Эдвардс, ням. — Г.Вайланд, В.Готан, Р.Кройзель, амер. — Дж.Аксельрад, Х.Банкс, Ф.Х’юбер, рас. — А.Л.Тахтаджан, Х.Ф.Шмальгаўзен, М.Дз.Залескі, Я.Р.Зямбніцкі, А.М.Крьштафовіч, С.В.Меен, К.Я.Мерклін, К.В.Навік, М.Ф.Нейбург, І.У.Палібін, Э.І.Эйхвальд, А.Л.Юрына і інш.

На Беларусі пытанні П. вывучаюць з пач. 20 ст. (У.С.Дактуроўскі, У.М.Сукачоў). Шырокія даследаванні (пераважна сістэм. і фларыстычныя ў галіне палеапаліналогіі, палеакарпалогіі і дыятомавага аналізу) вядуцца з 1950—60-х г. (Ф.Ю.Велічкевіч, Н.А.Махнач, Г.І.Кеда, Э.А.Крутавус, С.С.Маныкін, Г.К.Хурсевіч, Т.В.Якубоўская, Я.К.Яловічава і інш.). Навук. цэнтры: Ін-т геал. навук. Нац. АН Беларусі і Бел. геолагаразведачны НДІ.

Літ.:

Криштофович А.Н. История палеоботаники в СССР. М., 1956;

Палеокарпологические исследования кайнозоя. Мн, 1982;

Мейен С.В. Основы палеоботаники. М., 1986.

Т.Р.Абухоўская.

т. 11, с. 542

ПАЛЕАБІЯГЕАГРА́ФІЯ (ад палеа... + біягеаграфія),

навука аб пашырэнні і размеркаванні арганізмаў і іх згуртаванняў у геал. мінулым; раздзел палеанталогіі. На падставе выяўленых спосабаў жыцця і ўмоў існавання выкапнёвых арганізмаў, асаблівасцей намнажэння і залягання іх рэшткаў і інш. высвятляе фізіка-геагр. становішча былых геал. эпох, што выкарыстоўваецца пры складанні палеагеагр. і прагнозных карт. Звязана з гіст. біягеаграфіяй і геалогіяй, палеагеаграфіяй, палеаэкалогіяй, стратыграфіяй, тафаноміяй і інш. На Беларусі асобным пытанні П. вывучаюцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі і Бел. геолагаразведачным НДІ.

Літ.:

Палеонтология, палеобиогеография и мобилизм. Магадан, 1981.

П.Ф.Каліноўскі.

т. 11, с. 542

ПАЛЕАБІЯЦЭНО́З (ад палеа... + біяцэноз),

палеацэноз, прыродная сукупнасць выкапнёвых арганізмаў, якія жылі разам і стваралі пэўны біяцэноз. Ад сучаснага біяцэнозу адрозніваецца адсутнасцю рэшткаў бесшкілетных арганізмаў, якія не маглі зберагчыся ў выкапнёвым стане, і наяўнасцю рэшткаў арганізмаў, якія выпадкова занесены ў месцы пахавання. Рэканструкцыя П. праводзіцца шляхам палеаэкалагічнага аналізу арыктацэнозу (комплекс акамянеласцей) і тафацэнозу (збор рэшткаў жывёл і раслін, што захаваліся і пакрыліся асадкамі). Вынікі вывучэння П. выкарыстоўваюцца пры складанні палеагеагр. карт. На Беларусі вывучэнне П. праводзіцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі і Бел. геолагаразведачным НДІ. Гл. таксама Танатацэноз.

А.М.Петрыкаў.

т. 11, с. 542

ПАЛЕАГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,

карты, якія адлюстроўваюць фізіка-геагр. ўмовы геал. мінулага: размеркаванне сушы і мора, рачную і азёрную сетку, характар рэльефу мацерыкоў і ложа акіянаў, пашырэнне зледзяненняў, становішча межаў прыродных зон і г.д. Выкарыстоўваюцца для прагнозу карысных выкапняў, планавання і правядзення геолага-пошукавых работ, навук. мэт і інш. Вылучаюць П.к. адпаведных перыядаў, эпох і інш. раздзелаў геахраналагічнай шкалы, палеатэктанічныя, палеагеамарфалагічныя, палеакліматычныя, палеабатанічныя і інш. Для тэр. Беларусі складзены П.к. розных тэматык для многіх геал. эпох і больш дробных адрэзкаў геал. часу. Гл. таксама Палеагеаграфія.

І.В.Клімовіч.

т. 11, с. 542

ПАЛЕАГЕАГРА́ФІЯ (ад палеа... + геаграфія),

навука пра фізіка-геагр. ўмовы мінулых геал. эпох; частка гіст. геалогіі і адначасова фіз. геаграфіі. Асн. пытанні П. — размеркаванне сушы і мора ў стараж. эпохі, вобласці зносу і намнажэння асадкаў, рэльеф сушы і дна мораў, фіз.-хім. і дынамічныя асаблівасці марскіх басейнаў, клімат і інш. Метады П. грунтуюцца на вывучэнні горных парод (пашырэнне і магутнасці, структурныя і тэкстурныя асаблівасці, мінер. і хім. састаў, характар і ўмовы залягання, ізатопы кіслароду і вугляроду і інш.), а таксама арган. рэштак у іх, якія адлюстроўваюць умовы асяроддзя пры асадканамнажэнні. На аснове палеагеагр. даследаванняў складаюцца палеагеаграфічныя карты. П. цесна звязана з вучэннем аб фацыях, літалогіяй, палеанталогіяй, стратыграфіяй, геахіміяй, кліматалогіяй, геатэктонікай, геафізікай і інш. Падзяляецца на агульную П., якая вывучае асн. заканамернасці змены геагр. абалонкі Зямлі, і рэгіянальную П., якая даследуе фіз.-геагр. ўмовы пэўных тэрыторый у асобныя геал. перыяды.

П. ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. пасля распрацоўкі адноснай геахраналагічнай шкалы на аснове звестак біястратыграфіі, з’яўлення вучэння аб фацыях (швейц. геолаг А.Грэслі) і абгрунтавання метаду актуалізму (англ. геолаг Ч Лаель). У самаст. галіну вылучылася ў пач. 20 ст., калі палеагеагр. рэканструкцыі сталі перадумовай пошуку карысных выкапняў. Уклад у развіццё П. зрабілі рас. і сав. вучоныя М.І.Андрусаў, А.П.Карпінскі, А.Дз.Архангельскі, Дз.В.Наліўкін, М.М.Страхаў, Л.Б.Рухін, К.К.Маркаў і інш.

На Беларусі палеагеагр. даследаванні пачаліся ў 1-й пал. 20 ст. (П.А.Туткоўскі, Ф.В.Лунгерсгаўзен, М.Ф.Бліадухо). У 1950—60-я г. складзены палеагеагр. карты верхняга пратэразою, палеазою, мезазою, кайназою (В.С.Акімец, Л.М.Вазнячук, В.К.Галубцоў, С.С.Маныкін, А.С.Махнач, І.В.Міцяніна, М.М.Цапенка і інш.), вывучаны этапы развіцця расліннасці ў дэвоне-карбоне (Г.І.Кеда), антрапагене (Н.А.Махнач), даследаваны стараж. палеарэкі (Г.І.Гарэцкі). Даследаванні па праблемах карысных выкапняў абагульнены ў працах Л.Ф.Ажгірэвіч, Я.І.Аношкі, У.Я.Бардона. М.В.Вераценнікава, Э.А.Высоцкага, Г.У.Зінавенкі, С.А.Кручака, М.М.Лявых, Э.А.Ляўкова, К.М.Манкевіча, В.А.Масквіча, А.А.Махнача, А.В.Мацвеева, І.І.Ур’ева, У.І.Шкурагава і інш).

Літ.:

Рухин Л.Б. Основы общей палеогеографии. 2 изд. Л. 1962;

Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. Геологическое описание. М., 1971.

С.А.Кручак.

т. 11, с. 542

ПАЛЕАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), палеаген,

першая сістэма кайназойскай эратэмы (групы) агульнай стратыграфічнай шкалы, адпавядае першаму перыяду кайназойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі мелавой сістэмы (перыяду), папярэднічае неагенавай сістэме (перыяду). Пачалася каля 65 млн. г. назад, доўжылася больш за 40 млн. гадоў. Назву ўвёў ням. геолаг К.Наўман (1866). У самастойную сістэму вылучана ў 1960, да таго лічылася падсістэмай (аддзелам) трацічнай сістэмы. Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі): палеацэн (ранняя), эацэн (сярэдняя) і алігацэн (позняя). На Беларусі палеаген, паводле прынятай схемы ў Зах. Еўропе, падзяляецца на ярусы (вякі): дацкі і танецкі (ніжні аддзел), лютэцкі, бартонскі і прыабонскі (сярэдні), рупельскі і хацкі (верхні). Паводле характэрных комплексаў выкапнёвых фарамініфераў, нанапланктону і рэшткаў раслін вылучана 7 світ: сумская, канеўская, бучацкая, кіеўская, харкаўская, страдубская, крупейская.

У палеагене сфарміраваліся складкавыя структуры альпід і ўзніклі восевыя часткі сучасных Пірэнеяў, Альпаў, Карпат, Крыма, Каўказа, Паміра, Гімалаяў і інш. Платформы неаднойчы зведалі марскія трансгрэсіі і рэгрэсіі. Адклады палеагену пашыраны на ўсіх кантынентах і прадстаўлены пераважна марскімі, радзей кантынентальнымі ўтварэннямі. З імі звязаны радовішчы нафты, газу, бурых вуглёў, жал. і марганцавых руд і інш. У флоры панавалі пакрытанасенныя, паступова з’яўляліся віды, больш падобныя на сучасныя. У жывёльным свеце для марской фауны характэрны нумуліты, сярод наземных жывёл — млекакормячыя. У эацэне з’явіліся драпежнікі, капытныя, грызуны, рукакрылыя, у алігацэне — першыя хобатныя, чалавекападобныя малпы. У канцы эацэну адбылося глабальнае пахаладанне клімату, пачалося фарміраванне ледавіковага шчыта Антарктыды.

На Беларусі адклады П.с.(п.) пашыраны на Пд і ў цэнтр. частцы. Палеацэн — раннеалігацэнавы час прадстаўлены марскімі адкладамі (пяскі кварцавыя, глаўканіт-кварцавыя, алеўрыты, пясчанікі, гліны, мергелі, апокі і інш.); позні алігацэн — кантынентальнымі адкладамі (пяскі, гліны, месцамі вуглістыя). Агульная магутнасць да 80 м. Залягаюць на глыб. 30—220 м, па далінах р. Дняпро і яе прытокаў месцамі выходзяць на паверхню. З адкладамі П.с. (п.) звязаны радовішчы фасфарытаў, глаўканіту, тугаплаўкіх і вогнетрывалых глін, бурых вуглёў, праяўленні бурштыну і тытан-цырконіевых россыпаў. Макс. трансгрэсія (харкаўскае мора — апошняе на Беларусі) ахапіла да 60% тэрыторыі. 3 сярэдзіны алігацэну (каля 30 млн. г. назад) асадканамнажэнне праходзіла ў далінах палеарэк, азёрах і забалочаных нізінах. Інтэнсіўна развіваўся карст. Флора была субтрапічная: вечназялёныя і цвердалістыя пароды з дамешкамі шыракалістых лістападных форм і голанасенных раслін. На працягу палеагену клімат змяніўся ад трапічнага да субтрапічнага, блізкага да цеплаўмеранага.

Літ.:

Маныкин С.С. Палеоген Белоруссии. Мн., 1973.

Л.І.Мурашка.

т. 11, с. 543

ПАЛЕАГЕ́Я (ад палеа... + gē зямля),

біягеаграфічнае царства. Займае ў асн. трапічныя раёны Усх. паўшар’я. Уключае Інда-Малайскую біягеаграфічную вобласць, Мадагаскарскую біягеаграфічную вобласць, Палінезійскую біягеаграфічную вобласць і Эфіопскую біягеаграфічную вобласць. Для флоры і фауны П. характэрны расліны і жывёлы стараж. Гандваны, у т.л. дваякадыхальныя рыбы, чарапахі (паходзяць з міяцэну і пліяцэну), страусы, хобатныя, чалавекападобныя малпы і інш.

т. 11, с. 543