Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАНВІ́ЧНЫ ((Konwitschny) Франц) (14.8.1901, Фульнек, Чэхія — 28.7. 1962),

нямецкі дырыжор. Праф. (1951). Вучыўся ў Брно (1921—23) і Лейпцыгу (1923—25). Іграў у лейпцыгскім аркестры Гевандхаўза (скрыпка, альт). У 1925—27 выкладаў у Венскай кансерваторыі, адначасова выступаў у складзе «Фіцнер-квартэта». Працаваў дырыжорам у Штутгарце, генерал-музік-дырэктарам у Фрайбургу, Франкфурце-на-Майне. З 1945 оперны і канцэртны дырыжор у Гановеры. У 1949—62 кіраваў аркестрам Гевандхаўза. Інтэрпрэтатар твораў І.С.Баха, Л.Бетховена, Р.Вагнера, Р.Штрауса, І.Брамса, сучасных ням. кампазітараў. Муз. кіраўнік шэрагу пастановак у оперным т-ры Дрэздэна і Ням. дзярж. оперы (Берлін). Нац. прэміі ГДР 1951, 1956, 1960.

т. 7, с. 576

КАНВО́Й (галанд. konvooi),

1) воінскае падраздзяленне (каманда, асобны ваеннаслужачы), якое назначаецца для аховы і суправаджэння транспарту, ваеннапалонных, асуджаных і ў інш. выпадках.

2) Атрад з гандл. і дапаможных суднаў і баявых караблёў, якія іх суправаджаюць і ахоўваюць; ствараецца на час пераходаў морам (часцей у ваенны час).

т. 7, с. 576

КАНГЛАМЕРА́Т (ад лац. conglomeratus сабраны, ушчыльнены),

механічнае, выпадковае спалучэнне якіх-н. разнародных кампанентаў. У геалогіі — сцэментаваная асадкавая абломкавая горная парода (гл. Абломкавыя горныя пароды), складзеная пераважна з галькі з прымессю пяску, жвіру і валуноў. Цэментам звычайна з’яўляюцца аксіды жалеза, карбанаты, гліністы матэрыял, радзей крэменязём. Вядомы розныя класіфікацыі К., заснаваныя на ўмовах іх утварэння, тыпе і колькасці цэменту, ступені адсартаванасці, прыродзе і складзе абломкаў. На Беларусі К. найб. пашыраны ў тоўшчах абломкавых парод рыфею і венду, пермскай і трыясавай сістэм. Глыбы валунова-галечнага К. ў антрапагенавых адкладах вядомы каля Гродна (гл. ў арт. Калодзежны роў). У эканоміцы — адна з форм аб’яднання прадпрыемстваў (фірм) рознага галіновага профілю. Адрозніваюць К. функцыянальныя, якія аб’ядноўваюць прадпрыемствы (фірмы), звязаныя у працэсе вытв-сці і інвестыцыйныя, якія аб’ядноўваюць фірмы, не звязаныя галіновай агульнасцю. Для К. характэрны; аб’яднанне шырокага кола прадпрыемстваў (фірм), якія выконваюць розныя функцыі; высокі ўзровень дэцэнтралізацыі кіравання; рост капіталу ў выніку зліцця і накіраванне яго на павелічэнне кантролю над існуючымі прадпрыемствамі (фірмамі); аб’яднанне ў рамках К. з удзелам банка або вакол яго.

т. 7, с. 576

КАНГРУЭ́НТНАСЦЬ |ад лац. congruens

(congruentis) адпаведны, узгоднены], паняцце элементарнай геаметрыі, якое азначае роўнасць адрэзкаў, вуглоў, фігур, цел. 2 фігуры наз. кангруэнтнымі, калі адна з іх пераводзіцца ў другую з дапамогай руху (гл. Рух у геаметрыі),

напр., трохвугольнікі, якія сумяшчаюцца накладаннем.

т. 7, с. 576

КАНГРЭГА́ЦЫІ (ад лац. congregatio злучэнне, аб’яднанне) у каталіцызме, 1) органы рымскай курыі, якія ажыццяўляюць кіраванне пэўнымі сферамі дзейнасці каталіцкай царквы. Узначальваюцца прэфектам, якога прызначае папа.

2) Рэлігійныя арг-цыі, якія кіруюцца манаскімі ордэнамі. Уваходзяць як свяшчэннаслужыцелі, так і недухоўныя асобы. Члены К. даюць зарокі (цноты, паслушэнства, беднасці) на пэўны тэрмін ці пажыццёвыя. Узніклі ў канцы 16—17 ст., найб. пашыраны ў 19 ст. 3) Аб’яднанне некалькіх манастыроў, якія прытрымліваюцца аднаго статута, пад адзіным кіраваннем.

т. 7, с. 576

КАНГРЭГАЦЫЯНАЛІ́СТЫ,

паслядоўнікі адной з плыней кальвінізму, якая ўзнікла ў 2-й пал. 16 ст. ў Англіі. К. абвясцілі поўную незалежнасць мясц. цэркваў або суполак (кангрэгацый); кожная з іх сама вызначала сімвал веры і культавую сістэму, выбірала служыцеляў культа і кіраўніцтва, прымала і выключала членаў. Заснавальнік першай кангрэгацыі — Р.Браўн (1581). К. актыўна ўдзельнічалі ў англ. бурж. рэвалюцыі 17 ст., стварылі паліт. партыю індэпендэнтаў, аснову арміі О.Кромвеля. Пасля рэстаўрацыі ў 1660 дынастыі Сцюартаў мноства К. перасялілася ў Новы Свет, дзе яны адыгралі значную ролю ў сац.-эканам. развіцці гэтага рэгіёна. К. перагледзелі вучэнне аб жорсткім наканаванні чалавечага лёсу, ідэю непагрэшнасці Бібліі, прыйшлі да высновы, што атрымальнікам божага дару з’яўляецца не індывід, а суполка як цэлае; высока ставілі навуку і адукацыю, прадпрымальніцтва і дзелавы поспех, вызначаліся актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. К. адыгралі вырашальную ролю ў заснаванні Гарвардскага, Іельскага і інш. каледжаў (пазней ун-ты), заявілі пра сябе як палітыкі і адміністратары. У 1960—70-я г. разам з прэсвітэрыянамі і метадыстамі К. стварылі ў Канадзе буйнейшую пратэстанцкую Аб’яднаную царкву, з евангелістамі і рэфарматарамі ў ЗША — Аб’яднаную царкву Хрыста (больш за 2 млн. вернікаў). Тэндэнцыя К. да аб’яднання праяўляецца ў стварэнні асацыяцый, саюзаў, саветаў, сінодаў і інш. З’яўляюцца ўдзельнікамі экуменісцкага руху (гл. Экуменізм).

А.А.Цітавец.

т. 7, с. 577

КАНГРЭ́С (ад лац. congressus сустрэча, сход),

1) з’езд, нарада, пасяджэнне ці інш. падобнае мерапрыемства звычайна міжнар. характару.

2) У некат. краінах назва парламента (напр., у ЗША), паліт. партыі (Індыйскі нац. К.).

3) Вышэйшы орган некат. міжнар. арг-цый.

т. 7, с. 577

КАНГРЭ́С БЕЛАРУ́САЎ АМЕ́РЫКІ,

грамадская арг-цыя беларусаў у ЗША. Засн. 1.2.1951 у г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі). Асн. мэта — змаганне за дзярж. незалежнасць Беларусі. Выканаўчы орган — Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі. У 1969 да кангрэса далучылася Беларуска-амерыканскае аб’яднанне ў Нью-Йорку.

А.С.Ляднёва.

т. 7, с. 577

КАНГРЭ́С ВЫТВО́РЧЫХ ПРАФСАЮ́ЗАЎ (Congress of Industrial Organizations; КВП),

прафсаюзнае аб’яднанне ў ЗША у 1935—55. Створаны ў 1935 як К-т вытв. прафсаюзаў часткай прафс. арг-цый (каля 1 млн. чал.), якія ўваходзілі ў Амерыканскую федэрацыю працы (АФП). Будаваўся паводле вытв. прынцыпу. З 1938 — КВП, у 1949 выйшаў з Сусветнай федэрацыі прафсаюзаў (СФП). Аб’ядноўваў каля 5 млн. чал. (1951). У снеж. 1955 на аб’яднаўчым з’ездзе КВП і АФП у Нью-Йорку створана прафс. аб’яднанне Амерыканская федэрацыя працы — Кангрэс вытворчых прафсаюзаў.

т. 7, с. 577

КАНГУ́Р,

горны масіў і найб. вяршыня Кашгарскага хр. на З Кітая. Выш. 7719 м. Складзены пераважна гнейсамі і гранітамі. Расчлянёны глыбокімі цяснінамі. Ледавікі апускаюцца да 3800 м на паўн. схілах і да 4500 м на паўднёвых. Шматлікія сляды стараж. зледзянення. Схілы пераважна аголеныя, унізе па цяснінах хмызняковая расліннасць.

т. 7, с. 577