КАНГРЭГАЦЫЯНАЛІ́СТЫ,
паслядоўнікі адной з плыней кальвінізму, якая ўзнікла ў 2-й пал. 16 ст. ў Англіі. К. абвясцілі поўную незалежнасць мясц. цэркваў або суполак (кангрэгацый); кожная з іх сама вызначала сімвал веры і культавую сістэму, выбірала служыцеляў культа і кіраўніцтва, прымала і выключала членаў. Заснавальнік першай кангрэгацыі — Р.Браўн (1581). К. актыўна ўдзельнічалі ў англ. бурж. рэвалюцыі 17 ст., стварылі паліт. партыю індэпендэнтаў, аснову арміі О.Кромвеля. Пасля рэстаўрацыі ў 1660 дынастыі Сцюартаў мноства К. перасялілася ў Новы Свет, дзе яны адыгралі значную ролю ў сац.-эканам. развіцці гэтага рэгіёна. К. перагледзелі вучэнне аб жорсткім наканаванні чалавечага лёсу, ідэю непагрэшнасці Бібліі, прыйшлі да высновы, што атрымальнікам божага дару з’яўляецца не індывід, а суполка як цэлае; высока ставілі навуку і адукацыю, прадпрымальніцтва і дзелавы поспех, вызначаліся актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. К. адыгралі вырашальную ролю ў заснаванні Гарвардскага, Іельскага і інш. каледжаў (пазней ун-ты), заявілі пра сябе як палітыкі і адміністратары. У 1960—70-я г. разам з прэсвітэрыянамі і метадыстамі К. стварылі ў Канадзе буйнейшую пратэстанцкую Аб’яднаную царкву, з евангелістамі і рэфарматарамі ў ЗША — Аб’яднаную царкву Хрыста (больш за 2 млн. вернікаў). Тэндэнцыя К. да аб’яднання праяўляецца ў стварэнні асацыяцый, саюзаў, саветаў, сінодаў і інш. З’яўляюцца ўдзельнікамі экуменісцкага руху (гл. Экуменізм).
А.А.Цітавец.
т. 7, с. 577
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)