Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАЗЛО́ВІЧ (Анатоль Мікалаевіч) (н. 16.9.1946, в. Горск Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1969). Працаваў у прэсе, з 1977 уласны карэспандэнт «Литературной газеты» па Беларусі. Друкуецца з 1964 (дэбютаваў вершамі). Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар псіхал. заглыбленых нарысаў («Дыханне», 1977; «Час ісці», 1979; «Чырвоны Востраў», 1988; цыкл «Беларусы паміж небам і зямлёй», 1994—95, і інш.), эсэ, дакум. аповесцей («Далёка наперадзе», 1981; «Цяжка любіць», 1985; «На маёй далоні лінія ракі», 1987), рамана «Каб ды калі б» (1994) пра сучасную вёску і яе людзей, праблемы с.-г. вытворчасці, экалогіі, Чарнобыля і інш., сцэнарыяў дакумент. фільмаў.

Тв.:

Дитя мое золотое. Мн., 1984;

Рассвет. Мн., 1986;

Место под солнцем. Мн., 1988;

Собственный корреспондент. Мн., 1989.

т. 7, с. 429

КАЗЛО́ВІЧЫ,

вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., на аўтадарозе Калінкавічы — Бабруйск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 31 км на Пн ад г. Калінкавічы, 153 км ад Гомеля, 10 км ад чыг. ст. Халоднікі. 562 ж., 224 двары (1997). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 7, с. 429

КАЗЛО́ВІЧЫ,

вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Слуцк — в. Пагост. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на ПдУ ад г. Слуцк, 113 км ад Мінска, 4 км ад чыг. ст. Некрашы. 1012 ж., 379 двароў (1997). Кансервавы з-д. Сярэдняя школа, Палац культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 7, с. 429

КАЗЛО́Ў (Аляксей Васілевіч) (25.2.1913, г.п. Лоеў Гомельскай вобл. — 6.6.1976),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Днепрапятроўскі чыг. тэхнікум (1932), Севастопальскую ваенна-авіяц. школу (1934). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40, зрабіў 57 баявых вылетаў. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Штурман звяна авіяэскадрыллі далёкай разведкі ст. лейтэнант К. зрабіў 247 баявых вылетаў, збіў 14 самалётаў праціўніка. 3.3.1944 яго самалёт быў збіты. Пасля ампутацыі ног К. працаваў інструктарам авіяц. вучылішча, з 1947 загадчык арганізаванай ім дзіцячай б-кі на радзіме.

А.В.Казлоў.

т. 7, с. 429

КАЗЛО́Ў (Анатоль Сяргеевіч) (н. 28.7.1962, в. Асінаўка Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі ун-т (1985). З 1990 у час. «Полымя», з 1992 у час. «Маладосць». Друкуецца з 1985. Аўтар кніг прозы «Першыя сцяжыны» (1987), «Міражы ценяў» (1990), «І тады я памёр» (1993), аповесцей «Адкуль з’явіліся Яны» (1992), «Перакуліся, перакуленае» (1998). У творах спалучае рэаліст. і містычнае (побач з героямі дзейнічаюць ведзьмакі, пярэваратні, русалкі і інш.).

т. 7, с. 429

КАЗЛО́Ў (Арсен Яўхімавіч) (23.2.1919, в. Газьба Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 12.8.1971),

Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. Вызначыўся пры фарсіраванні Дуная каля г. Харта (Венгрыя): у ноч на 1.12.1944 камандзір разліку дэсантнай лодкі ст. сяржант К. пад агнём пераправіўся цераз раку, першы высадзіўся на бераг, паранены ўварваўся ў варожыя траншэі, чым садзейнічаў поспеху пры высадцы дэсанта. Пасля вайны на гасп. рабоце.

А.Я.Казлоў.

т. 7, с. 430

КАЗЛО́Ў (Валерый Паўлавіч) (н. 3.8.1941, в. Баравое Кемераўскага р-на, Расія),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Д-р тэхн. н. (1989), праф. (1990). Скончыў Ленінградскі ін-т дакладнай механікі і оптыкі (1964). З 1966 у Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі, н.-д. і праектна-тэхнал. ін-це арганізацыі і тэхнікі кіравання СССР. З 1975 у выліч. цэнтрах Мінкамгаса і Мінбыта БССР, Ін-це эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання пры Дзяржплане БССР. З 1990 у БДУ. Навук. працы па метадах і прыладах неразбуральнага кантролю цеплафіз. уласцівасцей матэрыялаў. Распрацаваў новыя метады рашэння ўраўнення цеплаправоднасці пры змешаных гранічных умовах.

Тв.:

Двумерные осесимметричные нестационарные задачи теплопроводности. Мн., 1986.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 7, с. 430

КАЗЛО́Ў (Валерый Сяргеевіч) (н. 19 5.1938, Мінск),

бел. вучоны ў галіне тэхн. дэфектаскапіі Д-р тэхн. н. (1989). Скончыў БДУ (1965). З 1965 у Аддзеле фізікі неразбуральнага кантролю АН Беларусі. З 1976 у БПА, адначасова з 1989 дырэктар навук.-вытв. цэнтра «Інтэграцыя тэхнікі і інтэлекту». Навук. працы па неразбуральным кантролі якасці матэрыялаў і вырабаў. Распрацаваў тэарэт. асновы, метады і прылады магнітаграфічнай дэфектаскапіі, шэраг прылад тэхн. дыягностыкі.

Тв.:

Физика магнитографической дефектоскопии. Мн., 1968;

Коронный разряд на проводах. Мн., 1971 (разам з М.​П.​Емяльянавым);

Техника магнитографической дефектоскопии. Мн., 1976.

т. 7, с. 430

КАЗЛО́Ў (Васіль Іванавіч) (18.2.1903, в. Заграддзе Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. —2.12.1967),

дзярж. дзеяч БССР, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну Герой Сав. Саюза (1942), ген.-маёр (1943). Скончыў Камуніст. ун-т Беларусі (1933). У 1928—40 на сав. і парт. рабоце. З 1940 нам. старшыні СНК БССР, з сак. 1941 сакратар Мінскага абкома КП(б)Б. 3 ліп. 1941 1-ы сакратар Мінскага абкома КП(б)Б, з сак. 1942 і камандзір Мінскага партыз. злучэння. У 1944—48 1-ы сакратар Мінскіх абкома і гаркома КП(б)Б. У 1947 Старшыня Вярх. Савета, у 1948—67 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета БССР і нам. Старшыні Прэзідыума Вярх. Савета СССР. З 1949 чл. ЦК КПБ. З 1956 канд. у чл., з 1966 чл. ЦК КПСС. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1946, БССР з 1947. Аўтар кніг успамінаў «Людзі асобага складу» (1967), «Верны да канца» (2-е выд., 1973).

В.І.Казлоў.

т. 7, с. 430

КАЗЛО́Ў (Вілорый Аляксеевіч) (н. 18.1.1934, г.п. Плешчаніцы Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мастак тэлебачання. Засл. работнік культуры Беларусі (1982). Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1956). У 1957—92 мастак-пастаноўшчык Бел. рэсп. студыі тэлебачання (у 1961—82 гал. мастак). Работы вылучаюцца і рэаліст., і ўмоўна-алегарычнай вобразнасцю, эмацыянальнай выразнасцю. Аформіў тэлеспектаклі «Мяцеж» паводле Дз.​Фурманава (1957), «Млын на Сініх Вірах» У.​Караткевіча (1959), «Людзі на балоце» паводле І.​Мележа (1965), «Адвечная песня», «Курган» і «Бандароўна» паводле Я.​Купалы (усе 1980), «Слабодскі парламент» па матывах апавядання М.​Гіля (1984), «Алімпіяда» паводле рамана І.​Пташнікава (1988) і інш.; тэлефільмы «І смех і бяда» (1973), «Новая зямля» паводле Я.​Коласа (1982), «Купалінка» (1983) і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 7, с. 430