суса́к, ‑у, м.
Шматгадовая травяністая вадзяная ці балотная расліна сямейства сусаковых з парасонападобным суквеццем, з лісця якой плятуць кашы, маты і пад.
сусако́выя, ‑ых.
Сямейства аднадольных шматгадовых раслін, якія растуць на балотах і па берагах вадаёмаў у СССР, Еўразіі і ў Паўночнай Амерыцы.
суса́ль, ‑і, ж., зб.
Тонкія пласцінкі золата, срэбра, волава, медзі, якія служаць для дэкаратыўнага аздаблення якіх‑н. вырабаў.
суса́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць сусальнага (у 2 знач.); фальшывая прыгажосць, саладжавасць. [Карціне] не хапае кампазіцыйнага адзінства, ёсць прыкметны налёт сусальнасці. Ліс.
суса́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сусалі, з’яўляецца сусаллю. Сусальнае золата. // Пакрыты сусаллю. Сусальныя рызы.
2. перан. Які вызначаецца фальшывай прыгажосцю, саладжавасцю.
сусве́т, ‑у, М ‑свеце, м.
1. Увесь свет, бясконцы ў часе і прасторы і бясконца разнастайны па формах, якія прымае матэрыя ў працэсе свайго развіцця. Недзе ў бяздонных глыбінях сусвету Вымпел чырвоны праносіць ракета. Макаль. Самуіла, які любіў кнігу і хацеў пазнаць тайны сусвету, не мог задаволіць рэлігійны дыдактызм. Каваленка.
2. Зямны шар, Зямля з усім, што існуе на ёй. [Восень] усім людзям сусвету ў дарунак плён зямлі прыносіць. Дубоўка. І «Аўрора», агнём скалануўшы планету, аддавала салют маладосці сусвету. А. Вольскі.
3. Тое, што і свет (у 3 знач.). Але наш паэт і натураліст не дабіраецца да другой, не менш важнай ісціны — да класавага падзелу большай часткі гэтага сусвету на паноў і нявольнікаў. Кудраўцаў. Ён [Ленін] скалануў стары сусвет, Да камунізма шлях намеціў. Астрэйка.
сусве́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сусвету (у 1 знач.). Сусветная прастора.
2. Які мае адносіны да зямнога шэра; ахоплівае зямны шар, усе народы зямлі. Сусветная вайна. Сусветны рынак. Сусветная цывілізацыя. □ Загрымелі воплескі, пачуліся выгукі: «Няхай жыве сусветная рэвалюцыя!» Гурскі. Тут [у Афрыцы] сканцэнтравана 40 працэнтаў усіх сусветных гідраэнергетычных рэсурсаў. Філімонаў. // Які мае адносіны да розных краін свету. Сусветны кангрэс барацьбітоў за мір. □ На адной з сусветных выставак канца мінулага стагоддзя дэманстраваўся «Дом будучага». «Маладосць». // Які мае значэнне для людзей усяго свету; вядомы ўсяму свету, праслаўлены. Не кожны можа пахваліцца, што слухаў лекцыі і здаваў экзамены па фізіялогіі вучонаму з сусветным імем — Паўлаву. «Беларусь».
•••
Сусветная сістэма сацыялізма гл. сістэма.
сусе́д, ‑а, М ‑дзе; мн. суседзі, ‑яў; м.
1. Чалавек, які жыве паблізу каго‑н. або побач з кім‑н. Потым Алік бліжэй «пазнаёміўся» з Леўкіным — яны сталі суседзямі, атрымаўшы сумежныя пакоі ў адной кватэры. Дадзіёмаў. Дзяцей з двара нікуды не выпускалі — каб яшчэ не надумаліся па суседзях хваліцца: «А наш татка дадому вярнуўся!» Васілевіч.
2. Той, хто займае месца, бліжэйшае да каго‑н. Фёдар Каваль сядзеў і ўсё паглядаў у акно, аж пакуль не прачнуліся суседзі па купэ. Хомчанка. Міхасёвым суседам справа, каля машыны № 7, стаіць Толя Касёнак. Брыль. Разам з .. [Толем] ішоў Міхась Прахарэвіч — яго лагерны дружбак і сусед па палаце. Якімовіч.
3. Дзяржава, мясцовасць, якія мяжуюцца з іншай дзяржавай, мясцовасцю, а таксама насельніцтва іх. Мае браты, мае суседзі, свабодны, новы польскі люд! Няхай жа песняй звонкай медзі красуе наша дружба тут! Колас.
сусе́даў, ‑ава.
Які належыць суседу, мае адносіны да суседа. Суседавы дзеці. □ [Арцём:] — Мне і не снілася, што патраплю на вяселле! О, на суседавым вяселлі пагуляць прыемна! Чыгрынаў.
сусе́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.
Разм. Знаходзіцца, быць у суседстве. З правага боку возера, наперадзе рэчка, а тут парабкоўскія гароды, і толькі з аднаго боку хутар суседзіць з другім хутарам. Галавач. Чыстыя ўслоны суседзілі з трыма чорнымі еенскімі крэсламі. Гартны.