суп, ‑у; мн. супы, ‑оў; м.
Вадкая страва — адвар (з мяса, рыбы і пад.) з дабаўленнем гародніны, круп і пад. З вялізнага чыгуна жанчына конаўкай чэрпала суп і налівала ва ўсё, хто што падстаўляў. Федасеенка. З апетытам [Валік] з’еў міску рысавага супу і папрасіў малака. Жычка.
•••
Слізісты суп — працёрты суп з ячных, рысавых, аўсяных круп.
су́павы, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для супу. Супавая каструля.
супадзе́нне, ‑я, н.
1. Адначасовасць якіх‑н. фактаў, здарэнняў. Гэтыя прыметнікі ўтвараюцца ад іменных асноў, яны паказваюць збліжэнне ці супадзенне ў прасторы або ў часе. Граматыка.
2. Падабенства, агульнасць; адпаведнасць у чым‑н. У падзеях з жыцця галоўнага героя трылогіі нямала супадзенняў з біяграфіяй самога аўтара. Шкраба. Па нейкаму дзіўнаму супадзенню ў адноўлены калгас сабралі трынаццаць .. коней. Шамякін. Супадзенні тэм могуць сведчыць толькі аб жаданні маладога пісьменніка вучыцца ў Горкага. Адамовіч.
3. Злучэнне, спалучэнне. Звычайнае супадзенне абставін, ускладн[е]нае нейкімі прычынамі, з-за якіх Далінка не ўсё адкрывае следству. Асіпенка.
4. Сумяшчэнне пры накладанні (пра геаметрычныя фігуры, лініі).
супадпара́дкаванне, ‑я, н.
Кніжн. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. супадпарадкаваць.
супадпара́дкаваны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад супадпарадкаваць.
супадпара́дкаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каго-што.
Кніжн. Адначасова, на роўных правах падпарадкаваць многіх каму‑, чаму‑н. агульнаму, аднаму.
супадпарадко́ўвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да супадпарадкоўваць.
супадпарадко́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да супадпарадкаваць.
супазіто́рый, ‑я, м.
Тое, што і свечка (у 3 знач.).
[Лац. suppositorius — які знаходзіцца ўнізе.]