су́ха,
1. Прысл. да сухі (у 10, 11 і 12 знач.).
2. безас. у знач. вык. Пра адсутнасць вільгаці ў паветры. Устронцы каламі забілі Сімху і падпалілі яго хату. Было ўжо суха і горача. Ад гэтай хаты занялася другая, трэцяя — і пажар выкаціў амаль увесь гарадок. Лобан. // Пра адсутнасць вады, вільгаці дзе‑н. Пад густымі абамшэлымі лапамі елкі было суха, утульна. Лынькоў. Цяпер затое суха ў боце, Бо пад нагой зімовы лёд. Астрэйка.
3. безас. у знач. вык. Пра адчуванне сухасці (у роце, горле). [Завішнюк] пачуў, што голас у яго стаў сіпаты, пачуў яшчэ, што горка ў роце і суха — не павярнуць языком. Пташнікаў.
сухава́та,
1. Прысл. да сухаваты.
2. безас. у знач. вык. Пра пэўны недахоп вільгаці дзе‑н. [Насця:] — Грыбоў, братка, няма яшчэ: сухавата ў лесе. Пальчэўскі.
сухава́тасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан сухаватага.
сухава́ты, ‑ая, ‑ае.
Не зусім сухі (у 1, 2, 5, 9, 10 і 11 знач.). Янук памаўчаў з хвіліну, нібы прыслухоўваючыся к лёгкаму посвісту ветру ў сухаватых лісцях. Кулакоўскі. Тонкая сухаватая трава, аб якую лёгка было парэзаць руку, густа кусцілася каля старых пнёў. Зуб. Марына ўлавіла сухаваты тон Андрэевых слоў. Шахавец. Не адрываючыся, я глядзеў на падцягнуты сухаваты твар старога. Васілёнак.
сухаве́й, ‑ю, м.
Сухі гарачы вецер, які нясе з сабой працяглую засуху. І ён [калгаснік] з сухавеем змагаецца, І садзіць лясы і сады. Астрэйка. Хай сабе спёкі, Дажджы, сухавеі — Жыта ўзыходзіць, Расце, палавее. Дзяргай.
сухаве́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сухавею, з’яўляецца сухавеем. Штодзень у сінеч даль адзета, З адной дзьме вецер стараны, Ды вецер зыркі, сухавейны. Колас.
сухаве́рхі, ‑ая, ‑ае.
З сухой верхавінай. Заўзята і гучна барабаніў у сухаверхае дрэва дзяцел. Сачанка.
сухагру́з, ‑а, м.
1. Сухі груз. Транспарціроўка сухагрузаў.
2. Судна для перавозкі разнастайных сухіх грузаў — штучных (скрынкі, кантэйнеры і інш.), насыпных (зерне, цэмент і інш.), навалачных (руда, вугаль і інш.).
сухагру́зны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для перавозкі сухіх (насыпных або штучных) грузаў (пра судны). Сухагрузны флот.
сухадо́л, ‑у, м.
Бязводная лагчына, схіл, луг, якія атрымліваюць вільгаць толькі ад дажджавой або снегавой вады. І ўлетку, калі на сухадолах пабляклі ўжо фарбы, пойме, .. [крыніцы] вабіла вока веснавой свежасцю. Шамякін. Вагончык стаяў цяпер на мяжы залужскіх палёў і «Новага свету», над сухадолам, што спускаўся на прырэчны поплаў. Хадкевіч.