сула́ддзе, ‑я, н.
Тое, што і суладнасць. [Песняру] ўласцівы і другія традыцыйныя рысы рамантычнага героя — адзіноцтва і поўнае суладдзе яго жыцця з жыццём прыроды. Каваленка.
сула́джанасць, ‑і, ж.
Уласцівасць суладжанага. [Паўлюк Трус] даводзіў радкі да самага строгага гучання, да поўнае суладжанасці зместу з формай. Лужанін.
сула́джаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад суладзіць.
2. у знач. прым. Стройны, узгоднены; гарманічны. Школьная праца ішла сваім добра суладжаным, няспынным ходам. Дубоўка.
сула́джвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да суладжваць.
сула́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да суладзіць.
сула́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.
Разм. Зрабіць стройным, гарманічным; прывесці да ўзгодненасці, гарманічнасці. І таму ты ў агні не згарэла, Любоў, не загінула ў бойках, блакадзе — бо найлепшае ўсё ад жанчын з прадвякоў Лёс сабраў, даў табе і суладзіў. Дубоўка. Толькі ты труны не расчыніш, Не суладзіш, пявучай гамы, Каб пачуць, што ў тваёй краіне Не звіняць ужо ланцугамі. Лужанін.
сула́дна, прысл. і прыназ.
1. Прысл. да суладны.
2. прыназ. з Д. Адпаведна чаму‑н. Ужо затым суладна тону Пахвал рулады паплылі. Бачыла. Гаварылі мала — спакойна, суладна думкам і настрою. Кудравец. / З прыназ. «з» утварае спалучэнне з Т. Па скалах і безданях хутка памчаліся чорныя шкуматы ценяў і побач суладна з імі — яркія плямы святла. Быкаў.
сула́днасць, ‑і, ж.
Уласцівасць суладнага; гарманічнасць, суладжанасць, згоднасць. Маляўнічая прыродаапісальная лірыка здзіўляе і вабіць сваёй пластыкай, паўнатой і суладнасцю эмоцый. Бугаёў.
сула́дны, ‑ая, ‑ае.
1. з чым, чаму. Адпаведны чаму‑н., згодны з кім‑н. Не баіцца цяжкай плыні год, твор, суладны з вечнасці законам. Русецкі. Словы Журавенкі былі суладны Антонавым думкам — ён і сам гаварыў пра тое ж на сходзе. Савіцкі.
2. Аднадушны. — Не... Не было, — пачуўся суладны адказ. Шынклер. З набліжэннем дня збору суладны настрой у класе мацнеў. Шыловіч.
3. Суладжаны, дружны. А ў наваколлі аддаецца суладны, дружны стук калёс. Гаўрусёў. У .. дружнай руплівай працы ішлі напорыстыя пяцігодкі, поўнячы зямлю суладным гулам машын, суладным рухам працавітых рук. Лынькоў. // Стройны, гарманічны (пра спеў, музыку і пад.). У новых дамах іграюць баяны і гучаць суладныя песні — гэта брыгадзір тынкоўшчыкаў Мікола Завадскі, шафёр Іван Канапелька .. спраўляюць наваселле. Грахоўскі. І чуцён суладны гоман Каля рэчкі ў гаі. Прануза. І сосен гонкіх спеў суладны Сціхаў у ссечаным галлі. Кляўко.
сулема́, ‑ы, ж.
Ядавіты белы парашок хлорнай ртуці (ужываецца як сродак для дэзінфекцыі).
[Ад лац. sublimatum.]