сук, ‑а, м.
1. Буйны бакавы парастак, які ідзе ад ствала дрэва. То шышка зваліцца з хваіны, То сук збуцвелы ападзе. Астрэйка. Стаяла .. [груша] голая, счарнелая, з вузлаватымі сукамі. Лынькоў. Хочаш — зверху страляй, забраўшыся на ёмкі сук; хочаш — прама з-за дрэва. Курто.
2. Астатак ад зрэзанага бакавога парастка ствала ў дошцы, бервяне. [Арлоўскі:] — Дошкі ў мяне ёсць, толькі вельмі сукаватыя, ёсць без сукоў, ды ў гразі — гэблі патупіце. Чорны. Стаў Максімка да станка, Гэблік сціснула рука. Шмаргануў — на дошцы сук... Дзеружынскі.
су́ка, ‑і, ДМ суцы, ж.
1. Самка хатняга сабакі, а таксама іншых жывёлін сямейства сабачых. Валачашчая сука прыбілася сюды [у хату] і паспела ўжо тут ашчаніцца. Вялікая, худая .. яна ляжала на падлозе, і шасцёра сляпых шчанят смакталі яе. Чорны.
2. Разм. груб. Ужываецца як лаянкавае слова (звычайна ў адносінах да жанчыны). Да .. [Любкі] даносіўся ўсё яго [Анісіма] голас: Іш, сука паганая! Лынькоў. Зірнуўшы ў твар .. [Сузону], Пілацеіха падалася назад, ускрыкнула, як назваў яе сукай, і, уцякаючы ў пакоі, істэрычным голасам пачала крычаць. Галавач. // Наогул пра подлага чалавека. [Анкудовіч:] — Сука ты, Сцяпан. Самі паліцэйскія сказалі, што падказаў ты. Навуменка.
сукава́тасць, ‑і, ж.
Уласцівасць сукаватага; мноства сукоў, сучча.
сукава́ты, ‑ая, ‑ае.
Які мае вялікую колькасць сукоў, сучкоў. [Дзямід] павёў нас па сцежцы і спыніўся каля старога сукаватага дрэва. В. Вольскі.
сука́ла, ‑а, н.
Прылада для насуквання нітак на цэўкі.
сука́льны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для сукання. Сукальная машына.
сука́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. сукаць.
су́каны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад сукаць.
2. у знач. прым. Скручаны, звіты суканнем. Тэлефонныя правады — што тыя суканыя ніткі з белай ваты, калматыя, тоўстыя, па пальцу. Пташнікаў.