сута́на, ‑ы, ж.
Верхняе (звычайна доўгае і цёмнага колеру) адзенне каталіцкага духавенства, якое носяць па-за службай. Апрануты .. [уніят] быў у доўгую чорную ксяндзоўскую сутану. Машара.
[Фр. soutane.]
су́тарга, ‑і, ДМ ‑рзе, ж.
Рэзкае неадвольнае скарачэнне мышц (ад болю, холаду, пры некаторых захворваннях або душэўных пакутах). Біцца ў сутаргах. □ [Андрэй] .. баяўся, каб ад холаду не пачаліся сутаргі. Скрыпка.
су́таргавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікаецца сутаргай, з’яўляецца ёю. Дыхнуўшы цёплага паветра,.. [Сотнікаў] пачаў кашляць, як заўжды, да сутаргавых спазмаў у грудзях, да болю ў галаве. Быкаў. // Які суправаджаецца сутаргамі, неадвольны і моцны. Сутаргавы кашаль. □ Лейтэнант зрабіў некалькі сутаргавых глыткоў і перарывіста задыхаў. Курто. Пачулася ўсхліпванне — прыдушанае, сутаргавае. Місько.
2. перан. Парывісты, напружаны, рэзкі. Сутаргава парыў ветру быў моцны і нечаканы. Савіцкі.
3. перан. Хваравіта-неспакойны, ліхаманкавы. Паступова крыкі .. [Рывы] слабеюць, глухнуць, пераходзяць у сутаргавы шэпт. Васілевіч.
сутарэ́нне, ‑я, н.
Памяшканне пад першым паверхам будынка, ніжэй узроўню зямлі; падзямелле. Наверсе жылі жандары, а ўнізе ў сутарэнні — майстэрня. Галавач. Камера ў сутарэнні гэтага ж будынка была вузкая, сырая і вельмі цёмная. Кулакоўскі. [Чыжыку] пачало здавацца, што ён у крэпасці. У тым самым сутарэнні, дзе ляжаць параненыя. Лупсякоў.
сутарэ́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сутарэння. Сутарэннае скляпенне. // Які з’яўляецца сутарэннем, які знаходзіцца ў сутарэнні. Я атрымаў пакой у службовым сутарэнным памяшканні на двары тэатра. Сяргейчык.
су́тачны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сутак. Сярэдняя сутачная тэмпература. // Роўны суткам. Сутачны тэрмін.
2. Які адбываецца за суткі. Многім атрадам і брыгадам трэба было зрабіць амаль сутачны марш, каб выйсці на зыходны рубеж. Дзенісевіч. // Разлічаны на суткі. Сутачны графік. Сутачны запас вады. // Які атрымліваецца за суткі. Сутачны надой. Сутачная здабыча вугалю. Сутачны заработак.
3. у знач. наз. су́тачныя, ‑ых. Сума, якая выплачваецца асобам, што знаходзяцца ў камандзіроўцы або накіраваны на працу ў другую мясцовасць, за кожны дзень камандзіроўкі або знаходжання ў дарозе.
су́ткі, ‑так; адз. няма.
Адзінка вымярэння часу, роўная 24 гадзінам; працягласць дня і ночы. Колькі падзей адбылося ў .. жыцці [Машы] за адны толькі суткі! Шамякін. Задажджылася раптам на цэлыя суткі. Брыль. Ляцяць птушкі круглыя суткі — удзень і ўначы. Ігнаценка.
су́тнасць, ‑і, ж.
1. Самае істотнае, галоўнае ў чым‑н., унутраны змест чаго‑н. Сутнасць жыцця. Гаварыць па сутнасці справы. □ [Паходня:] — Жыццё складаней, чым вы [Заранік] паказваеце, і трэба акунуцца ў яго з галавой, каб разабрацца ў сутнасці таго, што адбываецца. Хадкевіч. Тут цяжка было дайсці да сутнасці і зразумець, хто з .. [моладзі] казаў праўду, а хто не. Машара.
2. У філасофіі — унутраная аснова прадметаў і з’яў, якая вызначае іх глыбінныя сувязі і адносіны, што выяўляюцца і пазнаюцца праз з’явы.
•••
Па сутнасці (у знач. пабочн.) — калі разглядаць аснову справы; на самой справе, у сапраўднасці. [Начальнік участка:] — На нас, па сутнасці, увесь завод працаваў. Карпаў.
суто́кі, ‑аў; адз. няма.
1. Месца, дзе зліваюцца два водныя патокі. Сутокі рэк.
2. Разм. Лінія сутыкнення, мяжа. Я люблю гэтыя далі, калі над імі разнімае сваё крылле грозная хмара і выкочвае велізарныя, златарунныя клубкі, кідаючы гняўлівыя цені на сутокі неба і зямлі. Колас.
суто́нець, ‑ее; безас. незак.
Абл. Змяркацца. У гэтую пару года дні вельмі кароткія. Пакуль тое ды сёе — ужо і сутонела. Гарэцкі.