сусе́д, ‑а, М ‑дзе; мн. суседзі, ‑яў; м.

1. Чалавек, які жыве паблізу каго‑н. або побач з кім‑н. Потым Алік бліжэй «пазнаёміўся» з Леўкіным — яны сталі суседзямі, атрымаўшы сумежныя пакоі ў адной кватэры. Дадзіёмаў. Дзяцей з двара нікуды не выпускалі — каб яшчэ не надумаліся па суседзях хваліцца: «А наш татка дадому вярнуўся!» Васілевіч.

2. Той, хто займае месца, бліжэйшае да каго‑н. Фёдар Каваль сядзеў і ўсё паглядаў у акно, аж пакуль не прачнуліся суседзі па купэ. Хомчанка. Міхасёвым суседам справа, каля машыны № 7, стаіць Толя Касёнак. Брыль. Разам з .. [Толем] ішоў Міхась Прахарэвіч — яго лагерны дружбак і сусед па палаце. Якімовіч.

3. Дзяржава, мясцовасць, якія мяжуюцца з іншай дзяржавай, мясцовасцю, а таксама насельніцтва іх. Мае браты, мае суседзі, свабодны, новы польскі люд! Няхай жа песняй звонкай медзі красуе наша дружба тут! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)