Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

магчы́, магу, можаш, можа; пр. мог, магла, магло; незак., пераважна з інф.

1. Быць у стане, мець дастаткова сілы выканаць што‑н. Маці, маці!.. Вобраз твой пранясу я ў сваім сэрцы праз усё жыццё, пакуль буду магчы дыхаць, бачыць сонца, чуць людскія галасы. Ермаловіч. [Сяргей] .. прахапіўся і больш ужо заснуць не мог. Шахавец. // Мець магчымасць што‑н. зрабіць, рабіць. За яго [роднае слова] паміралі і гіблі, Каб на здзекі і глум не аддаць, Каб маглі сёння песні і гімны Пра шчаслівую долю складаць! Гілевіч. // Быць здольным здзейсніць што‑н. Мілая моладзь, слаўная моладзь Нашай бязмежнай краіны! Горы і мора можаш ты здолець, Сэрцам расплавіць ільдзіны. Купала. [Карнейчык:] Я, брат, дарогу тут ведаю, заплюшчыўшы вочы магу натрапіць. Крапіва.

2. Мець права, абавязак. [Сухадольскі:] Такім чынам, я лічу, што прапанову таварыша Гусаковіча мы не можам прыняць. Крапіва.

3. Абазначае верагоднасць, магчымасць якога‑н. дзеяння. Некаторым можа паказацца, што Міколку заўсёды жылося весела і бесклапотна. Лынькоў. [Ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе»] не маглі б з’явіцца ў маладой беларускай літаратуры, каб не было творчасці вялікіх рускіх паэтаў Жукоўскага, Пушкіна і Лермантава. Лойка.

•••

Не магчы (не ўмець) звязаць двух слоў — пра няўменне прыгожа, звязна гаварыць, выказваць свае думкі.

Не можа быць! — вокліч, які выказвае недавер, сумненне, здзіўленне і пад.

Не можа быць (і) гаворкі — нельга нават і гаварыць аб выкананні, здзяйсненні чаго‑н.

магчы́ма,

1. Прысл. да магчымы (у 2 знач.).

2. у знач. пабочн. Можа быць, можа. [Стары:] — Выбачайце, пан афіцэр, калі я, магчыма, не так зразумеў вас... Лынькоў.

магчы́масць, ‑і, ж.

1. (у спалучэнні з наз. або інф.). Тое, што можа пры пэўных умовах адбыцца, ажыццявіцца, здзейсніцца. Магчымасць перамогі. □ [Ігнат] і ў думках не мог дапусціць магчымасці здрады .. [Багуцкага]. Лынькоў. Магчымасць пастаяць у сапраўдных варотах сапраўднага стадыёна прывабіць хоць каго. Васілёнак. // Дазволенасць, дапушчальнасць. Дзедава фантазія трохі разгулялася і свавольна пераходзіла межы рэальных магчымасцей. Колас.

2. Сродкі, умовы, неабходныя для здзяйснення чаго‑н. Пакуль Мірон зноў учапіўся за дрэва ды агледзеўся, човен быў на такой адлегласці, што дагнаць яго не было магчымасці, тым больш чалавеку адзетаму і абутаму. Маўр. [Сержант:] — Я ўжо даўно не хацеў служыць у польскай арміі, хацеў перайсці да бальшавікоў, але не было магчымасці... Нікановіч.

3. толькі мн. (магчы́масці, ‑ей). Унутраныя сілы, рэсурсы, здольнасці. Кожны будаўнік — у пэўнай ступені паэт і летуценнік, з вялікаю вераю ў свае сілы і магчымасці. Грахоўскі.

•••

Па магчымасці (у знач. пабочн.) — наколькі магчыма.

Па меры магчымасцей гл. мера.

магчы́мы, ‑ая, ‑ае.

1. Які можа здарыцца, адбыцца, дапушчальны. Капітан загадаў падрыхтавацца да магчымай высадкі на лёд. Бяганская. Мне раптам зрабілася страшна ад адной думкі пра магчымую сустрэчу. Карпюк.

2. Які можна здзейсніць, ажыццявіць. [Андрыяну Цітавічу] на момант здалося блізкім і магчымым тое, аб чым ён марыў. Марціновіч. [Тарыел Кверквелія] стараўся знайсці выхад, згадаць далейшыя планы Гунава, распазнаць магчымыя ягоныя ходы ў гэтай смяротнай гульні... Самуйлёнак.

мада́льнасць, ‑і, ж.

1. Граматычная катэгорыя, якая выражае адносіны зместу выказвання да рэчаіснасці і перадаецца формамі ладу дзеяслова, інтанацыяй, пабочнымі словамі і пад.

2. У логіцы — катэгорыя, якая выражае ступень верагоднасці, дакладнасці суджэння.

[Ад лац. modus — лад.]

мада́льны, ‑ая, ‑ае.

Які выражае мадальнасць. Мадальныя дзеясловы.

мада́м,

Зварот да замужняй жанчыны ў Францыі і некаторых іншых краінах.

[Фр. madame.]

мадапала́м, ‑у, м.

Белая шчыльная баваўняная тканіна, з якой шыюць пераважна бялізну.

[Ад геагр. назвы.]

мадапала́мавы, ‑ая, ‑ае.

Пашыты з мадапаламу. Мадапаламавая бялізна.

мадзе́нне, ‑я, н.

Разм. Стан паводле знач. дзеясл. мадзець.