магчы́, магу, можаш, можа; пр. мог, магла, магло; незак., пераважна з інф.

1. Быць у стане, мець дастаткова сілы выканаць што‑н. Маці, маці!.. Вобраз твой пранясу я ў сваім сэрцы праз усё жыццё, пакуль буду магчы дыхаць, бачыць сонца, чуць людскія галасы. Ермаловіч. [Сяргей] .. прахапіўся і больш ужо заснуць не мог. Шахавец. // Мець магчымасць што‑н. зрабіць, рабіць. За яго [роднае слова] паміралі і гіблі, Каб на здзекі і глум не аддаць, Каб маглі сёння песні і гімны Пра шчаслівую долю складаць! Гілевіч. // Быць здольным здзейсніць што‑н. Мілая моладзь, слаўная моладзь Нашай бязмежнай краіны! Горы і мора можаш ты здолець, Сэрцам расплавіць ільдзіны. Купала. [Карнейчык:] Я, брат, дарогу тут ведаю, заплюшчыўшы вочы магу натрапіць. Крапіва.

2. Мець права, абавязак. [Сухадольскі:] Такім чынам, я лічу, што прапанову таварыша Гусаковіча мы не можам прыняць. Крапіва.

3. Абазначае верагоднасць, магчымасць якога‑н. дзеяння. Некаторым можа паказацца, што Міколку заўсёды жылося весела і бесклапотна. Лынькоў. [Ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе»] не маглі б з’явіцца ў маладой беларускай літаратуры, каб не было творчасці вялікіх рускіх паэтаў Жукоўскага, Пушкіна і Лермантава. Лойка.

•••

Не магчы (не ўмець) звязаць двух слоў — пра няўменне прыгожа, звязна гаварыць, выказваць свае думкі.

Не можа быць! — вокліч, які выказвае недавер, сумненне, здзіўленне і пад.

Не можа быць (і) гаворкі — нельга нават і гаварыць аб выкананні, здзяйсненні чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)