асты́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Тое, што і астыць.
асты́т, ‑у, М ‑тыце, м.
Спец. Запаленне косці.
[Ад грэч. osteon — косць.]
асты́ць, астыну, астынеш, астыне; зак.
1. Стаць халодным, прастыць. Чай астыў. Абед астыў. □ Куй жалеза, пакуль не астыла яно! Купала. Пятрусь падкідаў вуг[о]лле ў топку, каб паравоз не астыў часам. Лынькоў. Хата за ноч добра такі астыла. Значыць, памацнеў мароз. Пестрак. // Аддаўшы цяпло, прыйсці ў нармальны стан (пра цела). Як конь астыў, [фурманшчык] звадзіў яго пад студню напаіць і ўсыпаў яму аўса. Чорны. Відаць, іх [двух маладых хлопцаў] вось толькі што выклікалі з вечарынкі, яны яшчэ не астылі ад полькі. Лужанін.
2. перан. Стаць спакайнейшым, страціць жвавасць. [Крушынскі:] — Я ўжо астыў. Мне сёлета стукнула сорак год. Бядуля. // Супакоіцца, апамятацца пасля гневу, злосці і пад. Валя ўмомант астыла, і ў словах яе не было ні злосці, ні знявагі да мачыхі. Васілевіч. // Страціць да каго‑, чаго‑н. цікавасць, перастаць цікавіцца кім‑, чым‑н. У Леаніда ўзнікла раўнівае падазрэнне — а можа, яна [Аля] ўжо астыла да яго, можа, гэта спатканне ўжо не ў радасць? Мележ. [Мацвей:] — Я загаруся: вот, здаецца б, усе зрабіў — а назаўтра вазьму і астыну. Лобан. Перамяніўся і.. [Баран] сам. Стаў крыклівы дома, менш бавіўся з дзецьмі, астыў да жонкі. Дамашэвіч. // Аслабець, знікнуць (пра пачуцці). Каб не даць астыць пачуццю .. салідарнасці, ён голасна крыкнуў: — Вольга! Жонка, стань перада мной, як ліст перад травой: ідзі сустракаць маіх прыяцеляў! Колас.
астэа...,
Першая частка складаных слоў, якая па значэнню адпавядае словам «косць» і «касцявы», напрыклад: астэасклероз, астэалогія, астэаміэліт.
астэалагі́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да астэалогіі.
астэало́гія, ‑і, ж.
Раздзел анатоміі, які вывучае форму і структуру касцей.
[Ад грэч. osteon — косць і logos — вучэнне.]
астэаміэлі́т, ‑у, М ‑ліце, м.
Спец. Запаленне касцявога мозгу, якое звычайна пашыраецца на ўсе слаі косці.
[Ад грэч. osteon — косць і myelos — мозг.]
астэасклеро́з, ‑у, м.
Спец. Хваравітае ўшчыльненне косці.
[Н.-лац. osteosclerosis.]
астэатамі́я, ‑і, ж.
Спец. Аперацыя рассячэння косці з мэтай выпраўлення яе або падаўжэння.
[Ад грэч. osteon — косць і tome — рэзанне.]
астэ́нік, ‑а, м.
1. Чалавек, будове цела якога характэрны высокі рост, хударлявасць, доўгая шыя, выцягнуты чэрап, вузкі, рэзка акрэслены твар.
2. Чалавек, які пакутуе ад астэніі.