Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

маладу́шнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Праяўляць маладушнасць; падаць духам. Не маладушнічаць, а памерці з высока ўзнятай галавой, як і належыць савецкаму чалавеку, — прыйшло выразнае і канчатковае рашэнне. Шчарбатаў.

маладу́шны, ‑ая, ‑ае.

Слабавольны, нерашучы; не стойкі духам; труслівы. [Левановіч:] Чаго ж вам сорамна? [Туляга:] Што я такі баязлівы, нікчэмны чалавек, маладушны да нізасці. Крапіва. // Выкліканы маладушнасцю. Маладушны ўчынак.

маладу́шша, ‑а, н.

Адсутнасць мужнасці, цвёрдасці духа; маладушнасць. [Каменданта] не маглі абвінаваціць у баязлівасці ці маладушшы. Шчарбатаў.

маладцава́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць маладцаватага. Маладцаватасць паходкі.

маладцава́ты, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і малайцаваты. Маладцаватая выпраўка. □ Увайшоў .. [Бабейка] у пакой нейкі пасвяжэлы, маладцаваты — твар быў паголены, румяны, вочы ясныя, з усмешкай, у якой як быццам не было нічога затоенага. Хадкевіч.

малады́, ‑ая, ‑ое; молад, ‑а.

1. Які не дасягнуў сталага ўзросту; юны; проціл. стары. На ярусах стаяць маладыя хлопцы і сталыя мужчыны з бомамі ў руках. Колас. Доктар Сільвановіч быў малады, энергічны чалавек, высокі, дужы. Арабей. / у знач. наз. малады́, ‑ога, м.; малада́я, ‑ой, ж. Гэты стары спраўней маладога. // Уласцівы маладому ўзросту, маладым людзям. Малады твар. Маладая душа. Малады задор. □ Усплёсквалі ў начным змроку звонкія маладыя галасы. Мележ. // Ужываецца для абазначэння дзяцей у адрозненне ад бацькоў (звычайна пры прозвішчах). Пра Нахлябіча старога .. [Пніцкі] не ўспамінаў, нават калі спатыкаў Нахлябіча маладога. Чорны.

2. у знач. вык., з інф. або са злучн. «каб» і інф. Нясталы, малавопытны па маладосці. Малады ты яшчэ мяне вучыць. □ — Ты малады яшчэ, каб са мною сілаю мерацца. Якімовіч.

3. Які нядаўна нарадзіўся, пачаў расці. Малады рой пчол. □ [Балота] пасярэдзіне было амаль голым, толькі дзе-нідзе купкамі выбіваўся малады альхоўнік. Дуброўскі. // Які нядаўна ўзнік, утварыўся. Малады горад. □ У маладым калгасе адразу занялося жвавае, бадзёрае жыццё. Зарэцкі. // Які нядаўна пачаў дзейнічаць у якой‑н. галіне. Малады аўтар. □ [Патапаў:] Мяне і маіх сяброў паслала сюды партыя, каб мы перадалі маладым беларускім кадрам свой вопыт. Крапіва.

4. Які нядаўна вырас, свежы (пра агародніну). Маладая бульба. □ Бацька накроіў хлеб і парэзаў тонкае сала. Выняў з торбы маладую цыбулю і паўлітроўку малака. Брыль.

5. Нядаўна прыгатаваны (аб напітках, прадуктах). Маладое віно. Малады сыр.

6. у знач. наз. малады́я, ‑ых; адз. малады́, ‑ога, м.; малада́я, ‑ой, ж. Жаніх і нявеста пасля заручын і ў час вяселля. [Дзяўчаты] прывезлі падарункі дня маладых, — заўтра мелася адбыцца камсамольскае вяселле. Корбан. Некалькі саней .. ехала ад касцёла, везлі маладую з маладым. Карпюк.

•••

Маладыя людзі гл. людзі.

Малады век гл. век.

Малады, ды ранні — пра вопытнага, спрактыкаванага не па гадах чалавека.

Малады чалавек гл. чалавек.

Молада-зелена — пра чалавека вельмі маладога, з малым жыццёвым вопытам.

малае́зджаны, ‑ая, ‑ае.

1. На якім мала ездзілі. Малаезджаны конь. Малаезджаныя калёсы.

2. Па якім рэдка, мала ездзяць. Дарога тут была малаезджаная, глухая. Чорны. Без святла, без асаблівага грукату [машына] паціху падалася па малаезджанай камяністай дарозе. Лынькоў.

мала́ец,

гл. малайцы.

малазабяспе́чаны, ‑ая, ‑ае.

Які мае абмежаваныя матэрыяльныя сродкі; недастаткова забяспечаны. Малазабяспечаная сям’я.

малазасе́лены, ‑ая, ‑ае.

Заселены невялікай колькасцю жыхароў. Малазаселеныя мясціны.