малады, ‑ая, ‑ое; молад, ‑а.
1. Які не дасягнуў сталага ўзросту; юны; проціл. стары. На ярусах стаяць маладыя хлопцы і сталыя мужчыны з бомамі ў руках. Колас. Доктар Сільвановіч быў малады, энергічны чалавек, высокі, дужы. Арабей. / у знач. наз. малады, ‑ога, м.; маладая, ‑ой, ж. Гэты стары спраўней маладога. // Уласцівы маладому ўзросту, маладым людзям. Малады твар. Маладая душа. Малады задор. ▪ Усплёсквалі ў начным змроку звонкія маладыя галасы. Мележ. // Ужываецца для абазначэння дзяцей у адрозненне ад бацькоў (звычайна пры прозвішчах). Пра Нахлябіча старога .. [Пніцкі] не ўспамінаў, нават калі спатыкаў Нахлябіча маладога. Чорны.
2. у знач. вык., з інф. або са злучн. «каб» і інф. Нясталы, малавопытны па маладосці. Малады ты яшчэ мяне вучыць. ▪ — Ты малады яшчэ, каб са мною сілаю мерацца. Якімовіч.
3. Які нядаўна нарадзіўся, пачаў расці. Малады рой пчол. ▪ [Балота] пасярэдзіне было амаль голым, толькі дзе-нідзе купкамі выбіваўся малады альхоўнік. Дуброўскі. // Які нядаўна ўзнік, утварыўся. Малады горад. ▪ У маладым калгасе адразу занялося жвавае, бадзёрае жыццё. Зарэцкі. // Які нядаўна пачаў дзейнічаць у якой‑н. галіне. Малады аўтар. ▪ [Патапаў:] Мяне і маіх сяброў паслала сюды партыя, каб мы перадалі маладым беларускім кадрам свой вопыт. Крапіва.
4. Які нядаўна вырас, свежы (пра агародніну). Маладая бульба. ▪ Бацька накроіў хлеб і парэзаў тонкае сала. Выняў з торбы маладую цыбулю і паўлітроўку малака. Брыль.
5. Нядаўна прыгатаваны (аб напітках, прадуктах). Маладое віно. Малады сыр.
6. у знач. наз. маладыя, ‑ых; адз. малады, ‑ога, м.; маладая, ‑ой, ж. Жаніх і нявеста пасля заручын і ў час вяселля. [Дзяўчаты] прывезлі падарункі дня маладых, — заўтра мелася адбыцца камсамольскае вяселле. Корбан. Некалькі саней .. ехала ад касцёла, везлі маладую з маладым. Карпюк.
•••
Маладыя людзі гл. людзі.
Малады век гл. век.
Малады, ды ранні — пра вопытнага, спрактыкаванага не па гадах чалавека.
Малады чалавек гл. чалавек.
Молада-зелена — пра чалавека вельмі маладога, з малым жыццёвым вопытам.