Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

акрыя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

1. Паправіцца пасля хваробы, ачуняць; набрацца сіл, акрэпнуць. [Нупрэй:] — Думалі, ні за што не выжыве [Язэп]. Аж месяц-другі пасядзеў дома і акрыяў трохі. Сачанка. Ранены крыху акрыяў, але не настолькі, каб як след ахапіць розумам сваё становішча. Шарахоўскі. // Дасягнуць (пасля ваеннага разбурэння і пад.) ранейшага стану. Вёска яшчэ не зусім акрыяла ад трох акупанцкіх пажараў. Брыль.

2. перан. Ажыць душой. Іван.. чамусьці пазбыўся ўсіх сваіх ранейшых трывог і на гэтым лугавым прыволлі проста акрыяў душой. Быкаў. [Анюта:] — Каб мне хоць слоўца пра майго Казіка сказаў — дзе ён, што з ім, — дык я ўся душой бы акрыяла, свет перада мной адкрыўся б. Краўчанка.

акрэдытава́ны, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад акрэдытаваць.

2. у знач. прым. Які звязаны з дыпламатычным прадстаўніцтвам у замежнай краіне. Акрэдытаваны пасол.

3. у знач. прым. Якому выдадзены разліковы акрэдытыў. Акрэдытаваная асоба.

акрэдытава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; незак.

Спец. Зал. да акрэдытаваць.

акрэдытава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., каго.

Спец.

1. Упаўнаважыць (упаўнаважваць) каго‑н. на атрыманне грошай або на правядзенне гандлёвых аперацый.

2. Прызначыць (прызначаць) каго‑н. дыпламатычным прадстаўніком пры замежным урадзе.

[Ад лац. accredere — давяраць.]

акрэдыты́ў, ‑тыва, м.

Спец.

1. Грашовы дакумент, у якім змяшчаецца распараджэнне адной крэдытнай установы другой аб выплаце каму‑н. пэўнай сумы.

2. Вярыцельная грамата, якая пацвярджае паўнамоцтвы дыпламатычнага прадстаўніка пры ўрадзе другой краіны.

[Фр. accréditif.]

акрэдыты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да акрэдытыва. Акрэдытыўнае даручэнне. Акрэдытыўная форма разліку.

акрэ́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Акрыяць, паправіцца пасля цяжкай хваробы, набрацца сіл. Відаць, не акрэп яшчэ камісар пасля гестапаўскага засценка. Кулакоўскі. // Стаць мацнейшым, здольным супрацьдзейнічаць. [Мяснікоў:] Акрэпне Піцер — гэта ўсё: Як снежная лавіна з стромкіх гор, Змятаючы з дарогі перашкоды, Кастрычнік пройдзе па Расіі. Клімковіч. // Стаць мацнейшым, здаравейшым. Сэрца мацярок нашых ляжыць больш да слабейшага дзіцяці, пакуль яно не акрэпне, да таго, што ў дарозе, пакуль не вернецца, да меншага, пакуль не дарасце. Карпюк.

2. Усталявацца, умацавацца. Новы ж свет акрэпне і ўзбагацее тады, калі кожны яго будаўнік будзе добрым гаспадаром. Гартны. // Пра з’явы прыроды. Праз які тыдзень зіма акрэпла. Пянкрат.

3. Стаць цвярдзейшым (пра грунт, глебу). Напярэдадні прайшоў спорны веснавы дождж, першы ў гэтым годзе. Ён абмыў з зямлі ўсю смугу, што засталася ад зімы; поле выглядала чыстым, яно нібы памаладзела. Дарога акрэпла. Шахавец.

акрэ́сленасць, ‑і, ж.

Уласцівасць акрэсленага.

акрэ́сленне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. акрэсліваць — акрэсліць.

акрэ́слены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад акрэсліць.

2. у знач. прым. Які склаўся, трывала ўсталяваўся; выразны. Дзед Талаш ізноў адзін і ў паходзе. Ідзе ён ляснымі нетрамі, цёмнымі пушчамі, ідзе з акрэсленаю мэтаю. Колас. За дваццаць год, якія правёў былы паўстанец 1863 г. далёка ад радзімы, яго грамадзянскія ідэалы не толькі не развеяліся, а набылі больш акрэслены і мэтанакіраваны характар. С. Александровіч.