Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

акава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад акаваць.

акава́ць, акую, акуеш, акуе, акуём, акуяце; зак., што.

Абабіць металам што‑н. Акаваць колы.

акаві́та, ‑ы, М ‑віце, ж.

Уст.

1. Гарэлка, настоеная на карэннях. // Лепшы гатунак гарэлкі. — Набяру я мёду, налію ў карыта, падлію гарэлкі — будзе акавіта. Дубоўка.

2. перан. Паэт. Казачнае пітво, якое дае маладосць і прыгажосць; жыватворчы напітак. Вячорная цьмянасць твая, Красавік, Мой дух акавітаю паіць. Глебка.

[З лац. aqua vitae — вада жыцця.]

акадэмі́зм, ‑у, м.

1. Чыста тэарэтычны кірунак у навуковай рабоце і навучанні, адарванасць іх ад практыкі, ад патрэб грамадскага жыцця. Акадэмізм у выкладанні.

2. Напрамак у выяўленчым мастацтве, які ўстанавіў пэўныя традыцыйныя правілы выкарыстання класічных узораў і супрацьстаяў рэалістычным кірунку ў мастацтве.

акадэ́мік, ‑а, м.

1. Вышэйшае вучонае званне, якое прысвойваецца буйнейшым вучоным, мастакам і пад. Акадэмік Акадэміі навук БССР. Акадэмік Акадэміі мастацтваў СССР. // Асоба, якая мае такое званне.

2. Разм. Той, хто скончыў курс вышэйшай навучальнай установы, якая носіць назву акадэміі, або вучыцца ў ёй.

акадэмі́ст, ‑а, м.

Прыхільнік акадэмізму (у 2 знач.).

акадэмі́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць акадэмічнага (у 3, 4 знач.); адарванасць ад практыкі, ад патрэб жыцця.

акадэмі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае дачыненне да акадэміі. Акадэмічнае выданне.

2. Навучальны. Акадэмічная гадзіна. Акадэмічны год.

3. Які прытрымліваецца ўстаноўленых традыцый, канонаў у навуцы, мастацтве; уласцівы акадэмізму (у 2 знач.). Акадэмічны жывапіс.

4. перан. Чыста тэарэтычны, не звязаны з практыкай; уласцівы акадэмізму (у 1 знач.).

•••

Акадэмічны тэатр гл. тэатр.

акадэ́мія, ‑і, ж.

1. Вышэйшая дзяржаўная навуковая ўстанова, у задачу якой уваходзіць развіццё навук або мастацтваў. Акадэмія навук Беларускай ССР.

2. Назва некаторых вышэйшых навучальных устаноў па спецыяльных галінах навукі. Сельскагаспадарчая акадэмія. Ваенна-палітычная акадэмія.

•••

Акадэмія мастацтваў — вышэйшая мастацкая школа і вышэйшая навучальная ўстанова ў галіне выяўленчага мастацтва.

[Ад грэч. akademia — мясцовасць каля Афін, дзе была заснавана Платонам (4 ст. да н. э.) філасофская школа. Першапачаткова — назва міфічнага героя Акадэма.]

аказа́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. аказаць.