Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

акр, акра, м.

Мера зямельнай плошчы ў Англіі і Паўночнай Амерыцы, роўная 4047 м².

[Англ. acre.]

акраба́т, ‑а, М ‑баце, м.

Умелы гімнаст; выканаўца складаных гімнастычных нумароў у цырку. Акрабат-комік.

[Ад грэч. akrobateo — які падымаецца ўверх.]

акраба́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да акрабат.

акрабаты́зм, ‑у, м.

Спрыт, дасканаласці ў выкананні гімнастычных практыкаванняў.

акраба́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Від гімнастыкі і цыркавога ўмельства.

акрабаты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае дачыненне да акрабатыкі. Акрабатычная гімнастыка. Акрабатычны нумар.

2. Спрытны, уласцівы акрабату.

акра́вак, ‑раўка, м.

1. Абрэзак, кавалак, шматок чаго‑н. (скуры, тканіны і пад.). Вулічнае акно.. было заткнута кажушным акраўкам. Вітка. [Мікодым:] — Пашукай у куфры, можа, які акравак чырвонага ёсць! Сабаленка.

2. Наогул частка чаго‑н. Сцямнела неяк адразу, толькі там, дзе на сконе дня было паказалася сонца, дрыжаў акравак барвовага неба, як ад далёкага пажару. Пташнікаў.

акраве́рш, ‑а, м.

Верш, у якім пачатковыя літары радкоў складаюць якое‑н. імя, слова або фразу.

акра́ек, ‑райка, м.

1. Край чаго‑н. У небе з-за гор выплыў ускудлачаны акраек хмары — хутка пасоўваўся дождж. Быкаў.

2. Тое, што і акравак.

акра́ец, ‑райца, м.

Кавалак хлеба, пірага, булкі, адрэзаны ад непачатага краю. Акраец хлеба. Адрэзаць (адкроіць) акраец. □ На адным канцы століка ляжаў загорнуты ў далікатны абрус акраец хлеба. Колас. // Кавалак хлеба. Хоць ёсць у запасе ў нас леташні хлеб, Ды з новага ўраджаю Спяклі мы, і вось на вячэрнім стале Ляжыць перад намі акраец. Танк. // Паэт. Што‑н. падобнае на акраец хлеба. Акраец пачырванелага сонца ўжо ледзь віднеўся з-за эглайнаўскай вежы. Броўка.

•••

Свой акраец хлеба — хлеб, кавалак хлеба; хлеб як сродак існавання. Мець свой акраец хлеба.