Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ако́вы, акоў; адз. няма.

1. Тое, што і кайданы.

2. перан. Тое, што скоўвае, абмяжоўвае каго‑, што‑н., перашкаджае каму‑, чаму‑н. Каланіяльныя аковы. Рэлігійныя аковы. □ Помніш ты, як у дзень вераснёвы Векавыя апалі аковы. Танк.

ако́ліца, ‑ы, ж.

1. Тое, што і ваколіца (у 2 знач.). А стаў Андрэйка першым старшынёй Найпершага ў аколіцы калгаса. З. Астапенка. Аколіцу абляцела вестка, што заўтра ля каменя будзе вялікі фэст. Пестрак. Чуў ты гоман мінскіх аколіц заводскіх? Таўбін.

2. Уст. Плот з варотамі ў канцы вёскі. Доўга стаіць, прыслухоўваецца [Яўтух] да шорахаў у садку, да рокату трактара ў полі, да вясёлых песень дзяўчат за аколіцай. Бялевіч. Гэй, пайду ж я па вуліцы У тое поле за аколіцу. Багдановіч. За аколіцай ходзяць дзяўчаты, і гукаюць красуню-вясну. Кляшторны.

ако́лічны, ‑ая, ‑ае.

Навакольны, сумежны, суседні. [Пан:] — Заўтра ж дай ведаць мужыкам аколічных вёсак, хай прыходзяць да мяне. Чарот. Як жонка члена сельскага Савета.. [Сідарыха] ведае ўсе аколічныя навіны і не вытрымае, каб не вылажыць іх усе да адной перад Арынай. Чарнышэвіч.

ако́лыш, ‑а, м.

Тое, што і аколышак.

ако́лышак, ‑шка, м.

Абадок у некаторых мужчынскіх галаўных уборах, да якога прымацоўваецца верх. Шапкі насілі.. [настаўнікі] чорныя і белыя летнія — з шырокімі круглымі вярхамі, з машастовымі аколышкамі. Колас.

ако́льнічы, ‑ага, м.

Гіст. Адно з вышэйшых баярскіх званняў у Старажытнай Русі, а таксама асоба ў гэтым званні.

ако́нам, ‑а, м.

Тое, што і аканом.

ако́нне, ‑я, н., зб.

Вокны. Пад аконнем не раз Я з мяшэчкам хадзіў. Колас. / у перан. ужыв. Я ў той вечар ціхі-сонны Адчыню душы аконне. Хведаровіч.

ако́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да акна. Аконнае шкло. Аконная рама. Аконны праём.

ако́ншчык, ‑а, м.

Разм. Сталяр, які робіць аконныя рамы.