аксака́л, ‑а, м.
У народаў Сярэдняй Азіі — паважаны, умудроны жыццём чалавек, а таксама форма ветлівага звароту да такіх людзей.
[Цюрк. āq — белы, saqal — барада.]
аксамі́т, ‑у, М ‑міце, м.
Шаўковая тканіна з кароткім густым ворсам; мошаст. Аксеня была ў новай сукенцы з вішнёвага аксаміту. Чорны. / У паэтычных параўнаннях. Ці ў верасах іскрыцца павуціна; Ці зелянее руні аксаміт. Кірэенка.
[Ад грэч. hexamitos — з шасці нітак.]
аксамі́тавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да аксаміту. // Зроблены з аксаміту. Растапыраныя, кароткія і пухлыя белыя .. пальцы выразна выдзяляліся на цёмна-зялёным аксамітавым абрусе. Галавач. Люба была без хусткі, у адной аксамітавай кофтачцы. Шамякін.
аксамі́тна, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Стужка з аксаміту. Гукан пільна агледзеў.. [Гарусевіча]. Як заўсёды, гарнітур быццам толькі што з-пад праса, чаравікі — з-пад аксаміткі чысцільшчыка. Шамякін.
2. звычайна мн. (аксамі́ткі, ‑так). Травяністая расліна сямейства складанакветных з жоўтымі або карычневата-пурпурнымі кветкамі.
аксамі́тнік, ‑у, м.
Травяністая дэкаратыўная расліна сямейства аксамітнікавых.
аксамі́тнікавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да аксамітніку.
2. у знач. наз. аксамі́тнікавыя, ‑ых. Сямейства траў, радзей кустоў ці дрэў з цэласным супраціўным або чаргаваным лісцем і дробнымі кветкамі.
аксамі́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да аксаміту. // Зроблены з аксаміту. Дзед.. у чорнай, аксамітнай ярмолцы.. здаваўся мне чарадзеем. Бядуля. // З уласцівасцямі аксаміту, падобны на аксаміт. Сіняк на ўвесь лобік і кроў прасочваецца праз тонкую аксамітную скурку. Крапіва. // перан. Прыемны, мяккі (пра голас, гукі). Аксамітны басок.
аксамі́цісты, ‑ая, ‑ае.
Разм. З уласцівасцямі аксаміту, падобны на аксаміт. Аксаміцістая фотапапера.
акселера́тар, ‑а, м.
Прыстасаванне, якое рэгулюе наступленне гаручай сумесі ў цыліндры рухавіка ўнутранага згарання для змянення колькасці абаротаў, а таксама педаль, якая прыводзіць у дзеянне гэта прыстасаванне.
[Ад лац. accelerare — паскараць.]
акселера́цыя, ‑і, ж.
Спец. Паскоранае фарміраванне арганізма ці асобных яго частак.
[Ад лац. acceleratio — паскарэнне.]