Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

акцёр, ‑а, м.

Прафесійны выканаўца роляў у спектаклі. [Буйніцкі] быў тыповым акцёрам старога складу на так званыя характарныя, бытавыя ролі. «Полымя». // Разм. Пра чалавека, які паказвае сябе інакшым, чым ён ёсць; прытворшчык.

[Фр. acteur.]

акцёрскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да акцёра, акцёрства.

акцёрства, ‑а, н.

Занятак, прафесія акцёра; тэатральнае мастацтва. // Аб прытворства, штучнасці і манернасці ў паводзінах.

акці́раванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. акціраваць.

акці́равацца, ‑руецца; незак.

Зал. да акціраваць.

акці́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

Скласці (складаць) акт з мэтай засведчыць наяўнасць або адсутнасць чаго‑н.

акцы́з, ‑у, м.

1. У капіталістычных краінах — ускосны падатак на прадметы шырокага спажывання, які прадпрыемцы ўключаюць у прадажную цану тавару.

2. Разм. уст. Назва ўстаноў, якія збіраюць такі падатак. Служыць у акцызе.

акцы́знік, ‑а, м.

Уст. Служачы ў акцызе (у 2 знач.). Вёрст з трыццатак ад горада абрабавалі аднаго акцызніка ды забілі на смерць паштара. Мурашка.

акцы́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да акцызу. Акцызны збор. Акцызны чыноўнік.

2. у знач. наз. акцы́зны, ‑нага, м. Тое, што і акцызнік.

а́кцыя 1, ‑і, ж.

Дзеянне, накіраванае на дасягненне пэўнай мэты. Міралюбівая акцыя Савецкага ўрада. Дыпламатычная акцыя. Акцыя помсты. Агрэсіўная акцыя. □ [Кох:] не раз рабіў.. [Вейсу] непрыемнасці, пачынаючы якую-небудзь акцыю, не дамовіўшыся, не параіўшыся з ім. Лынькоў.

[Ад лац. actio — дзеянне.]

а́кцыя 2, ‑і, ж.

Цэнная папера, якая сведчыць пра ўнясенне пэўнага паю ў капіталістычнае прадпрыемства і дае права яе ўладальніку на ўдзел у справах і прыбытках гэтага прадпрыемства. Валодаць акцыямі. Скупіць акцыі. Трымаць акцыі. Рост каштоўнасці акцый. □ Большая частка банкірскага капіталу зусім фіктыўная і складаецца з даўгавых патрабаванняў (вэксаляў), дзяржаўных папер (якія прадстаўляюць ранейшы капітал) і акцый (пасведчанняў на атрыманне: будучага даходу). Маркс. Шалёна несліся ў гару акцыі фабрык і заводаў. Гартны. Трывогу, трывогу б’е бізнесмен, Усюды на біржах падаюць акцыі. Вітка.

•••

(Яго, яе, іх) акцыі павышаюцца — пра павышэнне чыйго‑н. значэння, уплыву.

Акцыі падаюць — пра зніжэнне чыйго‑н. значэння, уплыву.

[Фр. action.]