акрэ́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Акрыяць, паправіцца пасля цяжкай хваробы, набрацца сіл. Відаць, не акрэп яшчэ камісар пасля гестапаўскага засценка. Кулакоўскі. // Стаць мацнейшым, здольным супрацьдзейнічаць. [Мяснікоў:] Акрэпне Піцер — гэта ўсё: Як снежная лавіна з стромкіх гор, Змятаючы з дарогі перашкоды, Кастрычнік пройдзе па Расіі. Клімковіч. // Стаць мацнейшым, здаравейшым. Сэрца мацярок нашых ляжыць больш да слабейшага дзіцяці, пакуль яно не акрэпне, да таго, што ў дарозе, пакуль не вернецца, да меншага, пакуль не дарасце. Карпюк.
2. Усталявацца, умацавацца. Новы ж свет акрэпне і ўзбагацее тады, калі кожны яго будаўнік будзе добрым гаспадаром. Гартны. // Пра з’явы прыроды. Праз які тыдзень зіма акрэпла. Пянкрат.
3. Стаць цвярдзейшым (пра грунт, глебу). Напярэдадні прайшоў спорны веснавы дождж, першы ў гэтым годзе. Ён абмыў з зямлі ўсю смугу, што засталася ад зімы; поле выглядала чыстым, яно нібы памаладзела. Дарога акрэпла. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)