сінематэ́ка, ‑і, ДМ ‑тэцы, ж.
Тое, што і фільматэка.
сіне́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. сініць.
сі́нены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад сініць.
2. у знач. прым. Які стаў сінім, афарбаваўся ў сіні колер. Сіненае палатно.
3. у знач. прым. Які падсініўся; падсінены. Сіненая бялізна.
сінера́ма, ‑ы, ж.
Разнавіднасць шырокафарматнага кіно.
[Англ. cinerama.]
сінеро́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сінероду; змяшчае ў сабе сінерод; цыяністы. Сінеродныя злучэнні.
сіне́ц, ‑нца, м.
1. Рыба сямейства карпавых.
2. Абл. Сінеча (пра неба). Далёка ў сінец гарызонта забягалі шырокія папрыбіраныя палі. Скрыган.
сіне́цца, ‑еецца; незак.
Разм. Тое, што і сінець (у 2 знач.). Сінеўся бор, цякла вада, Скрозь пахла мёдам і травою... Багдановіч.
сіне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Рабіцца сінім. Не колюць лёду шчупакі, А мы над рэчкай, хлапчукі, Нібыта лёд, сінелі. Бялевіч. Антось аж сінеў ад злосці. Гроднеў. // Світаць, віднець. Косця прачнуўся зацемна: у акне толькі пачынаў сінець блізкі дзень. Адамчык. Сінее мяккі прыцемак. Навуменка. / у безас. ужыв. За акном тым часам сінела — радзеў няўстойлівы світальны паўзмрок. Вышынскі. // Цямнець, вечарэць. Вялікае, ужо няцёплае сонца хавалася за недалёкім лесам. У лагчынах пачынала сінець, і вастрэй адчувалася восень. Карпаў.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выдзяляцца сінім колерам, віднецца (пра што‑н. сіняе). Навокал рассцілалася поле, яшчэ даволі стракатае: за жаўтлявым спелым жытам зелянела бульба, з другога боку — сінеў лубін. Шамякін. Між спелага жыта Сінее валошка. Колас. Далёка на небасхіле сінеў лес, да якога вілася ледзь бачная дарога. Лупсякоў.
сіне́ча, ‑ы, ж.
Сіні колер чаго‑н. [Сцяпан] ласкава ўсміхаўся.. [дзецям], падміргваў, і густая сінеча яго журботных вачэй паступова пакарыла іх. Ракітны. Тым дзіўна, хто прыйдзе аднекуль: Лён сіні ў палях да пляча, Сінеча ў азёрах і рэках, І вечна — ў дзявочых вачах. Калачынскі. // Сіняя прастора, сіняя паверхня (пра мора, неба, паветра). Мая зорка яшчэ недзе іскрыцца ў бяздоннай сінечы. Бажко. // Сіні туман, смуга. Поле зацягнулася мутнаю сінечаю. Грахоўскі. Я люблю гэтыя прасторы, люблю неаглядныя, ружова-сінія далі іх, .. дзе маўклівая далечыня, атуліўшыся танюсенькаю наміткаю сінечы, думае нейкую адвечную сваю думку. Колас.