Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

асцю́к, ‑а, м.

Тонкі доўгі вусік на каласах некаторых злакаў (ячменю, жыта, пшаніцы). Ячменныя асцюкі з пылам забіваліся яму за каўнер. Чорны. Салавейка ўдавіўся ячменным асцюком. Прыказка.

асцюкава́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць асцюкаватага.

асцюкава́ты, ‑ая, ‑ае.

Багаты на асцюкі, з асцюкамі. Асцюкаватая пшаніца.

асцюко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да асцюка.

асцяба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Пабіць, абхвастаць (чым‑н. гнуткім, тонкім).

асцяблі́цца, ‑ліцца; зак.

Развіваючыся, выйсці ў сцябло (аб раслінах).

асцяпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Абабіць з вопраткі пыл і інш.

асцяро́га, ‑і, ДМ ‑розе, ж.

1. Асцярожныя, далікатныя адносіны да каго‑, чаго‑н., выкліканыя бояззю пашкодзіць, патурбаваць. Я трымаў яе [Іру] у абдымках, пяшчотна, з асцярогай, як злоўленую маладую птушку. Пташнікаў. Падсунуўшыся блізка да Зосі, яна [Тэкля] з асцярогаю кранулася яе рукі. Гартны.

2. Ахоўныя меры, якія выкліканы неабходнасцю папярэдзіць непрыемную нечаканасць. Не палілі агнёў, нават цыгаркі і тыя з асцярогай хавалі ў рукаў. Шахавец.

асцяро́жлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць асцярожлівага.

асцяро́жлівы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і асцярожны.