Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

асфальтава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад асфальтаваць.

асфальтава́цца, ‑туецца; незак.

Зал. да асфальтаваць.

асфальтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., што.

Пакрыць (пакрываць) асфальтам (у 1 знач.). Асфальтаваць вуліцу.

асфа́льтавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да асфальту. Асфальтавая вытворчасць. // Пакрыты асфальтам. Асфальтавыя тратуары.

асфальтаўкла́дчык, ‑а, м.

Машына для размеркавання і ўкладкі асфальту, асфальтабетону.

асфальто́ўшчык, ‑а, м.

Рабочы, заняты на асфальтабетонных дарожных работах.

асца́, ‑ы, ж.

Абл. Сліна. Шмігельскі ледзь яблыкам не ўдавіўся. Асцы поўны рот набегла, і ён цвыркнуў на ток. Лобан. Ужо спаўдня і ўжо касцу Аж гоніць з голаду асцу. Крапіва.

асце́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да асцяпаць.

асцерага́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Прымаць якія‑н. меры перасцярогі; быць асцярожным. У той дзень была галалёдзіца, тратуары зрабіліся слізкімі, і Валіку прыходзілася ўвесь час асцерагацца, каб не пакаўзнуцца. Жычка. — Ах, сынок, ці ж так можна? Асцерагайся, не лезь на ражон! — маліла маці і несла то вішань, то свежага малака, то ягад. Карпюк. // каго. Быць асцярожным у сваіх адносінах з кім‑н.; пабойвацца каго‑н. Падпольнае і партызанскае жыццё навучыла яго [Косцю] асцерагацца ворага, не падпускаць яго да сябе. Якімовіч. Князь.. славіўся адвагай і вельмі запальчывым характарам, і.. яго асцерагаліся. Самуйлёнак. А Грышка, дык той проста лічыў Казюка не сваім хлопцам і казаў усім асцерагацца яго. Чарот.

2. чаго або з інф. Устрымлівацца ад чаго‑н., пазбягаць чаго‑н. з перасцярогі. Асцерагаліся партызаны да пары да часу выдаць свой баявы сакрэт. Лынькоў. Сотнікаў адчуваў, як проста было ператварыцца з напарніка ў абузу, і найбольш асцерагаўся менавіта таго, хоць і ведаў, што калі здарыцца найгоршае — выйсце для сябе знойдзе сам, не абцяжарыць нікога. Быкаў.

асцерага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Раіць асцерагацца каго‑, чаго‑н., перасцерагаць ад чаго‑н. шкоднага, небяспечнага, што здольна зрабіць зло. — Ты толькі, Міхась, не накідвайся адразу на яду, — асцерагаў Міхася Пятрусь. Колас. Але май на ўвазе, што яна, Зося, нічога не забыла і ніколі не забудзе. І мільёны не забудуць. І ты не асцерагай яе ад мінулага. Яна не баіцца яго. Шамякін.