Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сімуля́цыя, ‑і, ж.

1. Прытворства. Сімуляцыя хваробы.

2. Стварэнне лжывага ўяўлення аб чым‑н. [Ігнат Іванавіч:] — Наколькі я зразумеў цябе, у працэсе расследавання намячалася яшчэ адна версія. — сімуляцыя Бандарчуком абрабавання. Капусцін.

[Ад лац. simulatio — прытворства.]

сімфанізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

Перакласці (перакладаць) для сімфанічнага аркестра; распрацаваць (распрацоўваць) у стылі сімфанічных твораў. Сімфанізаваць фартэпіянны твор.

сімфаніза́цыя, ‑і, ж.

Перакладанне для сімфанічнага аркестра; распрацоўка ў стылі сімфанічных твораў. Сімфанізацыя танца. Сімфанізацыя джазавай музыкі.

сімфані́зм, ‑у, м.

Сімфанічнае мастацтва, сімфанічны стыль. Сімфанізм Глінкі. □ Сімфанізм — адно з найважнейшых дасягненняў чалавечага генія ў музыцы. Дубкова.

сімфані́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Кампазітар, які стварае сімфанічныя творы.

сімфані́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сімфоніі (у 1 знач.); звязаны з музычнай формай сімфоніі. Сімфанічная творчасць. Сімфанічная распрацоўка тэмы.

2. Прызначаны для выканання ансамблем смычковых, духавых і ўдарных інструментаў. У канцэртных залах гучаць сімфанічныя, харавыя, камерна-інструментальныя творы рускіх, зарубежных і савецкіх кампазітараў. «Звязда». // Звязаны з такім выкананнем. Сімфанічны канцэрт.

сімфанье́та, ‑ы, ДМ ‑еце, ж.

Невялікая сімфонія. Фінал сімфаньеты [М. Чуркіна] аптымістычны, вабіць свежасцю, навізной вобразных супастаўленняў. Дубкова.

сімфо́нія, ‑і, ж.

1. Вялікі музычны твор для аркестра, звычайна з 3–4 частак, якія адрозніваюцца адна ад другой характарам музыкі і тэмпам. Малады кампазітар.. запрасіў мяне паслухаць сваю новую сімфонію. Бядуля. Трэцяя сімфонія Бетховена — грандыёзны па задуме і філасофскай глыбіні твор. «Звязда».

2. перан. Гарманічнае спалучэнне розных з’яў — гукаў, фарбаў, тонаў і пад. А ў гэтых дрэвах, лістах і былінках пераклікаюцца птушкі, кузуркі, і іх галасы зліваюцца ў адну сімфонію дзівоснай музыкі жыцця. Колас. Смех, вясёлыя галасы, шорганне ног, музыка, лёгкае шапаценне кранутага вячэрнім ветрам лісця ліп і каштанаў — усё злівалася ў невыразную, але жыццярадасную сімфонію. Хадкевіч.

[Ад грэч. symphōnia — сугучча.]