сіліко́з, ‑у, м.
Прафесійная хвароба, што выклікаецца працяглым удыханнем пылу, які ўтрымлівае свабодны двухвокіс крэмнію..
[Лац. silex, silicis — крэмень.]
сі́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; незак.
Разм.
1. Намагацца. Дый як ні сілілася Лёдзя, ступала яна няўпэўнена, дробнымі крокамі. Карпаў. [Цімох] быў .. нізкарослы і, спяваючы, высока задзіраў галаву. І так сіліўся, што аж жыллё выпіналася на шыі. Ермаловіч. // з інф. Старацца, прабаваць зрабіць што‑н. Антось у цемнаце сіліўся разгледзець брата. Дамашэвіч. Схіліўшы ўніз галаву, дзяўчына сілілася паправіць падбародкам разарваную на грудзях блузку — рукі былі закручаны назад і звязаны. Лынькоў. Мікульскі сіліцца адарваць позірк ад гэтай попельніцы, разглядае дэталёва камендантаў стол. Місько.
2. Мерацца сіламі. [Мужык:] — Сям’я мая галодная, Хаціна мая хіліцца, Ідзі, Зіма нягодная! Не дуж з табою сіліцца. Купала.
сілі́цыевы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сіліцыю, зроблены з сіліцыю.
сілі́цый, ‑ю, м.
Тое, што і крэмній.
[Ад лац. silex, silicis — крэмень.]
сілкава́льны, ‑ая, ‑ае.
Спец.
1. Прызначаны для сілкавання. Сілкавальная вада для паравога катла.
2. Які забяспечвае чым‑н. неабходным для нармальнага дзеяння, функцыяніравання. Сілкавальная станцыя. Сілкавальная помпа. Сілкавальны коўш.
сілкава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сілкаваць і сілкавацца.
2. Спец. Тое, што забяспечвае нармальнае дзеянне, функцыяніраванне чаго‑н. Сілкаванне для радыёпрыёмніка. □ А ў нас машыны іншыя .. Замест электронных лямп пастаўлены крышталікі паўправаднікоў. Энергіі для сілкавання гэтых машын патрэбна нямнога. Шыцік.
сілкава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; незак.
1. Есці, падмацоўвацца ежай. З гора забыўся, што трэба есці. Але я не стаў сілкавацца. Сабаленка. Антося наліла ў міску капусты, паставіла на стол і запрасіла Грышу: — Сілкуйся з дарогі, дзіцятка. Пальчэўскі. Алесь злез з воза і са здзіўленнем убачыў, што і яго Гняды таксама сілкуецца аўсом. Чарнышэвіч.
2. Спец. Атрымліваць адкуль‑н. што‑н. неабходнае для нармальнага дзеяння, функцыяніравання. Лямпы сілкуюцца ад паходнай электрастанцыі.
3. Зал. да сілкаваць.
сілкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.
1. каго. Карміць, падмацоўваць ежай. Дзед Талаш сілкаваў Панаса хлебам і салам, спецыяльна спечаным тут жа на ражончыку над агнём. Колас.
2. што. Спец. Забяспечваць чым‑н. неабходым для нармальнага дзеяння, функцыяніравання. Сілкаваць кацёл вадой.
сілко́м, прысл.
Разм. Сілай; супраць волі; гвалтам. У поўдзень сястра і санітаркі заўважылі, што.. [Наталля Пятроўна] хворая, і сілком адаслалі яе дадому. Шамякін. Маці ледзь не сілком упіхнула Сцёпку ў аўтобус. Жычка. Дзяўчыну звязалі і сілком прывялі да князя. Дуброўскі. // Праз сілу, цераз сілу, з цяжкасцю. [Ганначка] цяжка дыхала, але ішла і ішла, сілком перастаўляючы свае ацяжэлыя боцікі. Гарбук.
сіло́, ‑а, н.
1. Прыстасаванне ў выглядзе петляў для лоўлі птушак і дробных жывёлін. Паслухайце толькі, да чаго дадумаўся.. [Вася]: зрабіў вялікае сіло, налавіў поўную клетку птушак. Пальчэўскі. Пайшоў бацька ў лес, паставіў сіло і злавіў зайца. Якімовіч.
2. перан. Тое, што пазбаўляе волі; пастка. Толькі ўвосень Агата зразумела, што трапіла ў сіло, пастаўленае гэтым сваім чалавекам. Сабаленка. Балот гнілых сіло нам болей пагражаць не стане. Дудар.