Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сіта́р, ‑а, м.

Народны струнны музычны інструмент, пашыраны ў Індыі, а таксама ў Узбекістане, Таджыкістане. Савецкія людзі слухалі выкананне індыйскіх мелодый на сітары. «Полымя».

сі́таўка, ‑і, ДМ ‑таўцы; Р мн. ‑тавак; ж.

Невялікая пералётная птушка атрада вераб’іных. Вясной і летам тут [на канале] чуюцца песні салаўя, шчабятанне ластавак, сітавак. «Звязда». Скачуць, нібы на спружынках, вёрткія шэрыя пліскі. Тут называюць іх яшчэ .. сітаўкамі. В. Вольскі.

сітнёг, ‑нягу, м.

Тое, што і сітнік. [Рэчка] нешырокая, з нізкімі берагамі, якія густа зараслі яварам, сітнягом і чаротам. Якімовіч. Пад алешынай, узарваўшы стальную роўнядзь вады, пляснуў шчупак і зялёнай стралой мільгануў у сітнёг. Хомчанка.

сі́тнік, ‑у, м.

Травяністая расліна сямейства асаковых, якая расце пераважна па сырых, балоцістых месцах. На берагах [ракі] пасівеў няскошаны сітнік. Грахоўскі. Балота перасохла, і толькі дзе-нідзе пад пульхнымі купінамі сітніку, калі ступіш, забурліць вада. Федасеенка.

сі́тнікавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сітніку. У лазовых ды сітнікавых зарасніках, што былі перад [Янкам], мітусіліся чайкі, .. блішчала ў промнях сонца вада. Лупсякоў.

сі́тніца, ‑ы, ж.

Разм. Хлеб, спечаны з прасеянай мукі; сітны хлеб. [Валодзя] купіў акраец сітніцы. Чорны. Калі праходзілі міма пякарні і адтуль дыхнула цёплым, хмельным пахам сітніцы, Алесь успомніў, што ў кішэні ў яго ёсць яшчэ недзе адна «лагермарка». Брыль.

сі́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Прасеяны праз сіта. Сітная мука.

2. Спечаны з прасеянай праз сіта мукі. Гаспадыня напаіла мяне салодкім чаем са свежым, яшчэ цёпленькім, сітным хлебам.. Сяргейчык. / у знач. наз. сі́тны, ‑ага, м. Купіць сітнага.

сітняго́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сітнягу. Кожную сітняговую мель, Кожны вір і залом лукі Знаў Таймень Як свае плаўнікі... Барадулін.

сітня́к, ‑у, м.

Тое, што і сітнік. І ўдоўж і ўпоперак луг перасякаўся вузкімі, доўгімі і глыбокімі тонямі, заросшымі аерам, сітняком, чаротамі і мяккімі ніцымі лозамі, дзе хаваліся розныя лугавыя птушкі. Колас.

сіто́ўнік, ‑у, м.

Адна- і шматгадовая травяністая расліна сямейства асаковых.