Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

малазо́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які змяшчае ў сабе мала попелу, шлаку. Малазольныя тарфянікі.

малазразуме́лы, ‑ая, ‑ае.

Недастаткова зразумелы. Кнігі ўсе былі незнаёмыя і малазразумелыя Ігнасю. Мурашка.

малазяме́лле, ‑я, н.

Недастатковая колькасць зямлі для вядзення сельскай гаспадаркі. Беднасць і малазямелле змушалі клінкоўцаў шукаць заработку на старане. Колас. У той час, калі ў БССР працоўныя сяляне вызваліліся ад прыгнечання і атрымалі бясплатна зямлю, у Заходняй Беларусі гаспадарамі краю засталіся памешчыкі, а сяляне задыхаліся ад малазямелля. Палуян.

малазяме́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць малазямельнага; малазямелле.

малазяме́льны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае дастатковай колькасці зямлі для вядзення сельскай гаспадаркі. Мікуцічы — сяло вялікае, вядомае ва ўсёй акрузе. Стаіць на пясках каля Нёмана. Народ тут бедны, малазямельны. Колас.

малаісто́тны, ‑ая, ‑ае.

Недастаткова істотны; малаважны. Малаістотны факт.

мала́йка,

гл. малайцы.

мала́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да малайцаў. Народы малайскай групы.

малайцава́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць малайцаватага.

малайцава́ты, ‑ая, ‑ае.

Бравы на выгляд; ўдалы, спрытны. Чарнявая жанчына ўсё глядзела на малайцаватага дэмабілізаванага салдата, заразліва ўсміхалася, быццам паддавала яму рашучасці. Чыгрынаў. // Уласцівы малайцу (у 1 знач.), такі, як у малайца. Сярод .. [ваенных] вылучалася малайцаватая постаць ужо знаёмага начальніка каравульнай каманды. Хадкевіч.