Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

асто́й, ‑ю, м.

Цяжкае пачуццё, якое астаецца пасля якой‑н. падзеі, хвалявання, перажывання. Пасля суда над Баешкам усё ж астаецца нейкі цяжкі астой. Шынклер.

асто́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да астояцца.

асто́йлівасць, ‑і, ж.

Спец. Здольнасць судна захоўваць раўнавагу пры плаванні. Астойлівасць карабля.

асто́йлівы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае астойлівасць. Астойлівае судна.

асто́я, ‑і, ж.

Слуп, клетка пад мостам; паля.

асто́яцца, астоюся, астоішся, астоіцца; зак.

1. Стаць спакойным, перастаць калыхацца (звычайна пра вадкасць). Вада перастала кіпець, астоялася, і тады на дне бляшанкі Антон Ягоравіч убачыў зусім зялёныя жытнія зярняткі. Чыгрынаў. Там вырывалася з балота Жоглаўка — рака-крыніца, варушыла ваду, не давала астояцца. Пташнікаў.

2. Утрымацца на нагах. Кірэй захістаўся, паліцаі памкнуліся падтрымаць яго, але ён адпіхнуў іх рукі, сабраў апошнія сілы і астояўся. Дамашэвіч.

а́стра, ‑ы, ж.

Травяністая дэкаратыўная расліна сямейства складанакветных з буйнымі кветкамі рознай афарбоўкі без паху. На тумбачцы каля ложка хворага ў шкляным збанку стаялі прыгожыя свежыя кветкі — белыя і ружовыя астры, цёмна-карычневыя гваздзікі. Краўчанка.

[Ад грэч. astron — зорка.]

астра...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае слову «зорны», напрыклад: астрафізіка, астралогія.

[Ад грэч. astron — зорка.]

астрабата́ніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.

Раздзел астрабіялогіі, які вывучае біялагічныя праблемы існавання расліннасці на іншых планетах.

астрабіяло́гія, ‑і, ж.

Навуковая дысцыпліна, якая даследуе жыццё ў Сусвеце ва ўсіх яго праявах.