Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гавары́ць, ‑вару, ‑ворыш, ‑ворыць; незак.

1. Валодаць вуснай мовай. Дзіця пачало гаварыць рана. // Вымаўляць, выгаворваць гукі мовы, словы, фразы. Манера гаварыць. Гаварыць з акцэнтам. □ Нешта сціскала глотку і не давала гаварыць. Шамякін. // Валодаць якой‑н. мовай. Гаварыць па-руску. Гаварыць па-нямецку.

2. што і без дап. Выражаць вусна якія‑н. думкі, паведамляць факты і інш. Гаварыць праўду. Гаварыць прамову. □ Ад усяго сэрца і душы гавару табе шчырае слова, вялікі мой, гераічны і слаўны беларускі народзе. Купала. Гаворыць Сцёпка і на Алёнку не глядзіць, каб па вачах яго не пазнала, што ён трохі туману напускае. Колас. // Раіць, загадваць, навучаць. Вучылася Наташа ўвесь час выдатна і выконвала ўсё, што гаварылі настаўнікі. Шамякін. — Не хадзі, табе гавару, не хадзі... — шаптала .. [Вера] сухімі бяскроўнымі вуснамі. Лынькоў. // Расказваць, паведамляць пісьмова або ў друку (пра аўтара, гісторыю, летапісца і інш.). З. Бядуля сваім творам гаварыў чытачу, што трэба ўмець пад прыемнай знешняй маскай пазнаваць драпежны твар ворага. Кудраўцаў. // Паведамляць, перадаваць якую‑н. думку сваім зместам (пра кнігі, дакументы, надпісы і пад.). Абвестка на сцяне дома гаварыла, пра што будзе сход. Чорны. // перан. Выражаць сабой, паказваць на якія‑н. думкі, пачуцці. Калі каханне — гавораць вочы Тугой і шчасцем выразней слоў. Чарнушэвіч. Апошнім чытаў вершы сціплы на выгляд хлопец па прозвішчу Заранік. Прозвішча нічога не гаварыла слухачам. Хадкевіч. // Падказваць, прадказваць (пра адчуванні і пад.). А мыслі і сэрца гавораць — Не вер яму [ваяку-прыблудзе], рыжаму, не! Колас.

3. Весці гутарку, размаўляць з кім‑н. — Вы мне, таварыш Кавалькевіч, толькі прыемнасць зробіце, калі са мною пра гаспадарку гаварыць будзеце. Бядуля. Да світання Мы з табою Гаварылі, Сэрца сэрцу Назаўсёды Падарылі... Дзеружынскі. // Абгаворваць каго‑, што‑н., абмяркоўваць што‑н. [Жлукта:] Таварышы, я зусім не хачу, каб пра мяне гаварылі, што я блатмайстар які-небудзь. Крапіва. // неазначальна-асабовы (у 3 ас. мн.). Ходзяць чуткі, кажуць. Не воўк работа, як гавораць, І ў лес яна не пабяжыць. Колас.

4. Выражаць сабой што‑н., сведчыць аб чым‑н., паказваць на што‑н. Яны аж стракацелі ў вачах, гэтыя ўмоўныя значкі, якія гаварылі аб партызанскіх атрадах, вазах. Лынькоў.

5. перан. Праяўляцца ў чыіх‑н. паводзінах, учынках, словах і пад. Гэта не я гавару — гора маё гаворыць. З нар. [Наталля:] Я тут не вінавата. Гэта ваша маладосць гаворыць у вас. Крапіва.

•••

Гаварыць на карысць каго-чаго — служыць доказам, пацвярджэннем дадатных якасцей каго‑, чаго‑н.

Гаварыць на розных мовах — не разумець адзін аднаго.

Гаварыць у руку — трапляць у тон чыёй‑н. размове, падтрымліваць чыю‑н. думку, погляд.

Да трох не гавары каму — пра зласлівага строгага чалавека, які не церпіць пярэчанняў.

(Ды) што (і) гаварыць — доказаў не патрабуецца, і так зразумела.

Кроў гаворыць гл. кроў.

Што ні гавары — нягледзячы ні на што, у любым выпадку.

гаварэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. гаварыць (у 1, 2 і 3 знач.).

гаве́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. гавець.

гаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

У веруючых — пасціць і хадзіць у царкву, рыхтуючыся да споведзі. [Ігнат] гавее, ён пасціцца, Лбом малаціць ля амбона, Бога і чарцей баіцца, Верыць розным забабонам. Валасевіч.

гаво́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад гаварыць. Многа гаворана, ды мала сказана. З нар.

2. у знач. наз. гаво́ранае, ‑ага, н. Тое, што было выказана. сказана. Халімон успрымаў гаворанае, як заданне людзей, якім ён даўно падуладны. Галавач.

гаво́рачы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад гаварыць.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які гаворыць. Гаворачая асоба.

3. Дзеепрысл. незак. ад гаварыць.

гаво́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Дзелавая або сардэчная размова; абмен думкамі. Гаворка за сталом не ладзілася, як ні стараўся Раман Дзянісавіч ажывіць яе. Хадкевіч. Пісьменнік [Максім Багдановіч] быў бескампрамісны, калі гаворка ішла аб навуковым разуменні не толькі грамадскіх працаваў, але і з’яў прыроды. Майхровіч. // Словы, паведамленне, выказванне аднаго з субяседнікаў. Карней і не даслухаў яшчэ Юзікавай гаворкі, а рынуўся адразу ў клуб. Баранавых. — А як авёс наш урадзіўся? Схадзіць бы ў Ліпава пабачыць! Ужо знаюць дзеці, Што то значыць Гаворка дзядзькава такая. Колас.

2. Гукі размовы, якія даносяцца адкуль‑н. З кухні чутна была ажыўленая гаворка. Хадкевіч. Ліпачка ўслухалася ў гаворку і пачула прыглушаны гарачы шэпт начнога госця. Сабаленка. // перан. Перарывісты гул, шум (пра шчабятанне птушак, журчанне вады і пад.). Колькі шуму ў нашым збожжы, Спеву і гаворкі. Колас. Пад бясконцую гаворку — Песню рэек і калёс, Па раўніне, між узгоркаў Пралятае паравоз... Лойка.

3. Чуткі, пагалоска, размова. Пайшла па людзях гаворка пра.. бяду, якая называецца.. страшным словам — блакада. Брыль.

4. Разнавіднасць мясцовага дыялекту, якая ахоплівае адносна невялікую тэрыторыю (вёску, раён). Чэрвеньская гаворка. Гаворкі Случчыны. // Сукупнасць мясцовых дыялектаў якой‑н. мовы, якія маюць агульныя дыялектныя рысы. Паўднёва-заходнія гаворкі беларускай мовы.

5. Мова як сродак зносін паміж людзьмі (звычайна пра вусную гутарковую мову). Турысты разумелі рускую гаворку.

6. Асаблівасці мовы, манера гаварыць, вымаўляць асобныя словы, гукі. Пявучая гаворка. □ Крокі ў Сцяпана Захаравіча шырокія, цвёрдыя, гаворка разважлівая. Гурскі. Па.. гаворцы [Тоні] Заслонаў адразу пазнаў у ёй украінку. Шчарбатаў.

•••

Не можа быць (і) гаворкі гл. магчы.

Пустая гаворка — непатрэбная, бескарысная размова; балбатня.

гаво́т, ‑а, М ‑воце, м.

Старадаўні французскі танец, а таксама музыка да гэтага танца.

[Фр. gavotte.]

гавэ́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Абл. Гутарка, размова. Гардзіенка з гаспадыняй сардэчна вялі гавэнду і не бачылі нікога. С. Александровіч. Калі купляюць, імя не пытаюць. Навошта тое імя? З рук у рукі — і гавэнды няма. Ермаловіч. Аднойчы зусім яшчэ малады паніч Андрэй Полаз, наслухаўшыся ад гасцей гавэнды пра розныя паляванні, узяў крадком ад бацькі рагач і ўцёк з дому. Сачанка.

гавя́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж., зб.

Абл. Буйная рагатая жывёла; каровы. — Паглядзі адно, як цікава расцягнуўся цуг кароў. Вось колькі гавяды ў Сілцах! Гартны.