Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

га́ванскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гавані, звязаны з ёй. Гаванскае аснашчэнне. Гаванскія рабочыя.

гава́нскі, ‑ая, ‑ае.

У выразах: гаванскі тытунь, гаванская цыгара — сорт тытуню, цыгар.

га́вань, ‑і, ж.

Прыроднае або штучна адгароджанае ад хваляў і ветру месца для бяспечнай стаянкі суднаў; прыстань, порт, бухта. Натуральная гавань. Гандлёвая гавань. □ Хаваюцца ў гавань параходы, — Ад буры не чакай дабра. Корбан.

гаваркі́, ‑ая, ‑ое.

Схільны да размоў, ахвочы пагаварыць; проціл. маўклівы. Вясёлы, гаваркі, востры на слова, .. [Аляксей Іванавіч] цэлымі днямі частаваў сваіх слухачоў.. новымі цікавымі гісторыямі. Новікаў. [Яфрэйтар] быў жвавы, гаваркі, ветлівы, зусім не падобны да сваіх маўклівых і хмурых салдат. Мележ. // перан. Шумны, ажыўлены. Я палюбіў юначай душой гаваркія гарадскія вуліцы. Сабаленка.

гаварлі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць гаварлівага. У празмернай гаварлівасці краўца ўвесь яго характар: яго мітуслівасць, дзівацтва, багацце фантазіі. Луфераў.

гаварлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і гаваркі. Шафёр выдаўся гаварлівы, ён нават пахваліўся, што завочна вучыцца ў інстытуце. Скрыпка. Народ сыходзіўся тлумнымі гаварлівымі купкамі. Зарэцкі.

гаваро́к, ‑рку, м.

1. Ціхая гаворка. Нізалася мірная гамонка старых, гаспадароў, вясёлы гаварок моладзі. Мележ.

2. Тое, што і гаворка (у 6 знач.). — Так, браток — дарагуша, — сібірскім гаварком сказаў Апаньін. «Маладосць».

гавару́н, ‑а, м.

Разм. Пра чалавека, які любіць пагаварыць. Вясёлы гаварун, жартаўнік, .. [Сяргей Круцель] быў першым майстрам на скокі і ўмеў спець, пабрын[ка]ць на гітары. Лынькоў. // Балбатун, пустаслоў. Ад вулічных гаваруноў адвярнуліся ўсе [калгаснікі]. Дуброўскі.

гавару́ха, ‑і, ДМ ‑русе, ж.

Разм. Жан. да гаварун.

гавары́льня, ‑і, ж.

Разм. неадабр. Пасяджэнне, зборышча, дзе замест спраў займаюцца пустымі размовамі. // Пустыя размовы. Займацца гаварыльняй.

гавары́цца, ‑варыцца; незак.

1. Выказвацца, расказвацца, паведамляцца. І тое, што далей гаварылася, ужо лёгка прасейвалася праз .. [Сашкаву] галаву. Чорны. // Вымаўляцца, выгаворвацца. Кожнае слова гаварылася шэптам. □ — Разумець трэба, для чаго якое слова гаворыцца... Лынькоў.

2. безас. Аб наяўнасці жадання, настрою гаварыць. [Астаповіч і Блецька] увайшлі, і Блецька моўчкі сеў. Нешта яму не гаварылася. Чорны.

3. Зал. да гаварыць (у 2 знач.).

•••

Як гаворыцца (у знач. пабочн.) — як прынята гаварыць.