Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гатава́льнік, ‑а, м.

Прыбор для гатавання вады.

гатава́льня, ‑і; Р мн. ‑лень і ‑няў; ж.

Набор чарцёжных інструментаў у спецыяльным футарале.

гатава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. гатаваць (у 1 знач.). Гатаванне вячэры.

гатава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад гатаваць.

2. у знач. прым. Кіпячоны. Сырой вады Уладзік, ахоўваючы здароўе, не піў, у яго заўсёды была ў запасе гатаваная. Колас.

гатава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Варыцца (пра ежу). На кастры ў чыгунку гатавалася юшка. Гамолка. // Кіпець, кіпяціцца (пра ваду, чай).

2. да чаго або з інф. Разм. Рыхтавацца да чаго‑н., наважвацца зрабіць што‑н. Гатавацца да ад’езду. // Вывучаць што‑н., рыхтавацца да якой‑н. дзейнасці. Новае месца, новыя людзі і тая работа ў школе, якую трэба было распачынаць на гэтых днях і да якой .. [Лабановіч] так доўга гатаваўся, — усё гэта займала яго думкі, і яму было лёгка і добра. Колас.

3. Зал. да гатаваць.

гатава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; заг. гатуй; незак., што.

1. Варыць, рыхтаваць ежу. Вячэра, якую гатавала Вера, яшчэ не зварылася. Мікуліч. А маці старалася і яду гатаваць госцю лепшую, не зважаючы на яго пратэсты. Колас. // Кіпяціць (ваду, чай).

2. Разм. Рыхтаваць, прыводзіць што‑н. у прыгодны для выкарыстання стан. Гатаваць насенне да пасеву. □ Я па вуліцы крочу. Калгаснік-сусед Воз вязе, поўна збожжам нагружаны. Расчыняйце вароты, гатуйце засек, Сустракайце вясёлымі ружамі! Панчанка. // Рабіць запас чаго‑н.; нарыхтоўваць. Гатаваць дровы на зіму.

гато́вы, ‑ая, ‑ае; гатоў, гатова.

1. Які падрыхтаваўся да чаго‑н., зрабіў усе неабходныя прыгатаванні. Усе гатовы да выканання заданняў. □ Святлану з нецярплівасцю чакала гатовая ў дарогу сям’я. Шахавец.

2. на што або з інф. Ахвочы, схільны зрабіць што‑н., згодны на што‑н. За свет новы Мы гатовы І на бой пайсці суровы Супроць чорнай зграі. Колас. // з інф. Які знаходзіцца ў стане, блізкім да чаго‑н. Варожае кола навокал раёна ўжо сцягвалася, звужалася і неўзабаве гатова было замкнуцца. Чорны.

3. Падрыхтаваны, прыгодны да выкарыстання. На станцыі стаяў ужо гатовы да адпраўкі цягнік. Лынькоў. // Канчаткова зроблены, закончаны ў сваёй вытворчасці. Гатовая дэталь. □ Удар за ўдарам, удар за ўдарам, і вось на кавадле ляжыць амаль гатовы лямеш. Курто. // Загадзя абдуманы, падрыхтаваны (пра думку, фразу і пад.). Гатовае паняцце. Гатовая схема. / у знач. наз. гато́вае, ‑ага, н. Згодаю двор збудуеш, а нязгодаю — гатовае разгубіш. Прыказка.

4. толькі кар. ф., у знач. вык. Разм. Вырашае канчатковы вынік якога‑н. дзеяння або стану і ужываецца ў значэннях: а) памёр, сканаў; б) зусім п’яны. Ужо гатоў, напіўся! // безас. Усё закончана, канец. — Атрымалася проста: вылецеў цецярук, я бац — і гатова! Гамолка.

•••

Будзь гатоў! — вітанне піянераў пры сустрэчы; Заўсёды гатоў! — адказ на такое вітанне; дэвіз.

Гатоў скрозь зямлю праваліцца — выраз, які азначае моцнае жаданне знікнуць, схавацца куды‑н. ад сораму, страху і пад.

На ўсім гатовым — на поўным забеспячэнні, ні аб чым не клапоцячыся (жыць, быць і пад.).

Раз-два і гатова гл. раз.

гато́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы, ж.

Разм. Наяўныя, назапашаныя грошы. — Тварыцкі, кажа, бедніцца і стогне, а каня адразу купіў. Нейкую, відаць, гатоўку мае. Чорны.

гато́ўнасць ‑і, ж.

1. Стан гатовага (у 1 знач.); падрыхтаванасць. Баявая гатоўнасць. □ Змена, стаўшы на пост, рапартуе аб поўнай гатоўнасці стаяць да канца. Брыль.

2. Згода, жаданне рабіць што‑н. Ігнат глянуў на хлопцаў. Тыя шчыра выказалі сваю гатоўнасць пайсці разам з бацькам на любую справу. Кавалёў.

гату́нак, ‑нку. м.

Разрад, катэгорыя якога‑н. тавару па якасці, расцэнцы і пад.; сорт. Мука першага гатунку. Чай вышэйшага гатунку. □ У.. [Алтара] ёсць дарагое сукно лепшага гатунку, тоненькае, як шоўк. Чарнышэвіч. // Разнавіднасць якога‑н. тавару. Цукеркі розных гатункаў. □ Стол, як ёсць, быў завален пірагамі, бабкамі, мясам розных гатункаў і рознага прыгатавання. Колас.

[Польск. gatunek з ням.]