Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

га́цевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гаці.

гаці́цца, ‑ціцца; незак.

Зал. да гаціць.

гаці́ць, гачу, гаціш, гаціць; незак., што.

1. Рабіць гаць, пракладваць дарогу цераз балота ці гразкае месца. Балота аказалася такое пражорлівае, што сем год гацілі яго і пяском, і каменнем. Бажко.

2. Перакрываць, запруджваць ваду ў рацэ плацінай. Вось тады, калі стыхія вады крышыла грэблю, я парашыў канчаткова: стану інжынерам, буду гаціць рэкі, будаваць электрастанцыі, каб было людзям святло, а палям вада. Хомчанка.

3. перан. Траціць на што‑н. бязмерна вялікія сродкі. Яшчэ і сёння між калгаснікаў ідуць спрэчкі аб тым, ці варта было гаціць такую процьму грошай на гэту механіку. Палтаран.

•••

Хоць гаць гаці каго-чаго — вельмі многа, вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Сяброў у Кузьміча — хоць гаць гаці! Корбан.

гаць, ‑і, ж.

1. Насціл з бярвення, галля, ламачча для праезду цераз балота ці гразкае месца. Падводная гаць з жэрдак і палак спружыніць пад нагамі. В. Вольскі.

2. Плаціна, якую ставяць, каб павысіць узровень вады ў рацэ; запруда. Расшумелася паводка, І прарвала рэчка гаць. Астрэйка. Яны ўдваіх, сынок і маці, З двара ідуць у бок ракі На зыбкі мосцік міма гаці, Дзе разрасліся хмызнякі. Колас.

•••

Хоць гаць гаці каго-чаго гл. гаціць.