Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гайня́ і гання́, ‑і, ж.

Абл. Зграя ваўкоў, сабак. У піліпаўку мінулай зімою цэлая гайня ваўкоў спынілася ноччу непадалёку ад сядзібы і завыла. Пальчэўскі. З сядзібы данёсся брэх сабачай ганні. Чарнышэвіч.

га́нак, ‑нка, м.

Прыбудова перад уваходам у дом у выглядзе пляцоўкі з прыступкамі. Пад’ехаўшы да школы, Лабановіч выскачыў з драбінах і ўзышоў на ганак. Колас. Ёсць і ганак. Ён зроблены з дошак у тры прыступкі і як бы прыстаўлены да сцяны, к дзвярам. Пестрак.

[Польск. ganek з ням.]

ганако́к, ‑а, м.

Мікроб, які выклікае ганарэю.

[Ад грэч. gonos — семя і kokkos — зерне.]

ганако́кавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ганакока. Ганакокавыя вакцыны.

ганара́р, ‑у, м.

Грашовая ўзнагарода, якая выплачваецца літаратарам, мастакам і інш. творчым работнікам за іх працу. Стась учора паведаміў, што для выдання газеты спецыяльных грошай няма, што супрацоўнікі газеты.. працуюць больш з-за ідэі, чым з-за ганарару. Колас.

ганара́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ганарару. Ганарарныя сродкі. Ганарарны фонд.

ганарлі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць ганарлівага (у 2 знач.). Як змяніўся.. [Данік]!.. Знікла наіўная дзіцячая самазадаволенасць, ганарлівасць. Лупсякоў.

ганарлі́вец, ‑ліўца, м.

Ганарысты, фанабэрысты чалавек. [Хірургу] не раз хацелася кінуць папрок гэтаму ганарліўцу, якога ён адваяваў у смерці, але кожны раз яго спрактыкаваны розум раіў маўчаць. Васілевіч.

ганарлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Перакананы ў сваёй вартасці, годнасці; горды. А я ганарлівы, што ў палкіх гадах Імкненні свае не запэцкаў. Лявонны. [Галіна], ганарлівая і прыгожая, пазірала на людзей і ішла, высока ўзняўшы сцяг. Галавач.

2. Ганарысты, фанабэрысты. Іван — малады яшчэ хлопец, рослы, статны, з прыгожым тварам. Па натуры .. добры, не ганарлівы, бо з людзьмі размаўляе ахвотна і ветліва. Кулакоўскі. // Які выражае гонар (у 2 знач.), поўны гонару. Ганарлівая ўсмешка. Ганарлівая самаўпэўненасць. □ — Жахліва, жахліва! — паўтараў.. [Вейс] і схіляў галаву. Куды падзелася ганарлівая звычка пазіраць на ўсіх з высока ўзнятай галавой? Лынькоў.

ганарлі́ўка, ‑і, ДМ ‑ліўцы; Р мн. ‑лівак; ж.

Жан. да ганарлівец.