гі́бель, ‑і, ж.
1. Поўнае разбурэнне, спыненне існавання (пры катастрофе, бедстве, наўмысным знішчэнні і пад.). Гібель Пампеі. Гібель парахода. // Гвалтоўная заўчасная смерць. Трагічную гібель Кацярыны, якая не хацела скарыцца «цёмнаму царству» самадурства, паказаў геніяльны рускі драматург Астроўскі. Бярозкін.
2. у знач. вык., чаго. Разм. Вялікая колькасць, мноства. [Марыля:] Скора касьба пачнецца, жніво, работы гібель. Купала.
•••
На краі гібелі гл. край.
Да гібелі — вельмі многа.
гі́бельны, ‑ая, ‑ае.
Які нясе гібель (у 1 знач.), вядзе да гібелі. Гібельны ўраган. Гібельная палітыка.
гібе́нне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. гібець. Народ не вінават у тым, што ён гібее ў невуцтве. Вінаваты тыя, хто кінуў яго ў цемру, асудзіў на фізічнае, маральнае і інтэлектуальнае гібенне. «Полымя».
гібе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Разм. Мучыцца, пакутаваць ад нястачы, голаду, цяжкай працы і пад. Пралетарыят павёў за сабой мільённыя масы сялянства, якое гібела ў галечы і цемры. «ЛіМ». — Кім бы я быў, — падумаў сам сабе Зорын, — каб не савецкая ўлада? Гібеў бы, пэўна, недзе ў кулака ці ў памешчыка за кавалак хлеба парабкам. Гурскі. // Весці пустое, бязмэтнае жыццё; марнець. Сцяпан рэдка сустракаецца з людзьмі, гібее ў сценах сваёй хаты, нібы той пацук у нары. «Звязда».
гі́бкасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць і якасць гібкага (у 1 знач.). Гібкасць стальнога прута. // перан. Багацце адценняў, выразнасць (пра голас, мову і пад.). Гібкасць думкі.
2. перан. Уменне хутка прыстасоўвацца да ўмоў, абставін. Гібкасць палітыкі. Гібкасць партыйнага кіраўніцтва.
гі́бкі, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны лёгка гнуцца, згінацца і разгінацца. Гібкае дрэва. □ Аня была дзяўчына невысокая, гібкая, са зграбная постаццю, ружова-смуглявым тварам і не надта цёмнымі валасамі, якія завіваліся кудзеркамі. Карпюк. // перан. Багаты адценнямі, выразны (пра голас, мову і пад.). Сінонімы — адзін з галоўнейшых стылістычных сродкаў, якія робяць мову дакладнай і гібкай і даюць магчымасць выражаць самыя тонкія адценні думак. Юргелевіч. [Байка] выпрацавала свой адметны верш, адточаны і эканомны, гібкі і маляўнічы. Казека.
2. перан. Які ўмела і хутка рэагуе на пэўныя ўмовы, абставіны. Гібкае кіраўніцтва. Гібкая палітыка.
гі́блы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які пагражае гібеллю (у 1 знач.), прыводзяць да гібелі. Гіблае становішча. □ Павадыр, пан Кярсноўскі, адразу ж знайшоў на гэтым гіблым балоце жардзяныя кладкі-масткі. Якімовіч. // Дрэнны, непрыгодны. Увачавідкі раслі новыя вёскі, людзі вылазілі з гіблых зямлянак, спраўлялі наваселлі. Дуброўскі.
гібо́н, ‑а, м.
Вузканосая чалавекападобная малпа з вельмі доўгімі пярэднімі канечнасцямі (жыве ў паўднёва-ўсходняй Азіі).
[Англ. gibbon.]
гібры́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Арганізм, атрыманы ў выніку скрыжавання раслін або жывёл розных сартоў, відаў, народ. Гібрыд грэчкі.
[Ад лац. hibrida — помесь.]
гібры́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да гібрыдаў, атрыманы скрыжаваннем. Гібрыднае насенне. Гібрыдныя ўласцівасці.