гасі́льнік, ‑а, м.
1. Назва розных прыстасаванняў для гашэння агню, святла і пад.
2. Прыстасаванне для аслаблення або ліквідацыі дзеяння чаго‑н. Гасільнік хістанняў.
гасі́цца, га́сіцца; незак.
Зал. да гасі́ць.
га́сіць, га́шу, га́сіш, га́сіць; незак.
Разм. З размаху біць, удараць па чым‑н. Мяняліся .. [рабочыя] ўсё часцей і часцей, малатабоец усё шпарчэй і мацней гасіў з-за вуха молатам. Чорны.
гасі́ць, гашу́, га́сіш, га́сіць; незак., што.
1. Спыняць гарэнне; тушыць. Гасіць агонь. □ Маці чакала сына і не гасіла лямпы. Каваль.
2. перан. Не даваць развівацца чаму‑н.; заглушаць (жаданні, пачуцці). Гасіць усмешку. □ [Аксіння] рашыла ісці напрамую і гаварыць так, каб Палікарпаўна не магла гасіць яе словы жартамі. Кулакоўскі.
3. Рабіць што‑н. несапраўдным; пагашаць. Гасіць доўг. Гасіць паштовыя маркі.
4. Памяншаць ці ліквідаваць што‑н., аслабляць дзеянне чаго‑н. Гасіць хістанні.
•••
Гасіць вапну — змешваць едкую (нягашаную) вапну з вадой, каб атрымаць будаўнічую вапну.
га́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. гас, ‑ла і ‑нуў, ‑нула; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пераставаць гарэць, свяціць; тухнуць. Гаслі зоркі. □ Гаслі і астывалі патрошкі і вугельчыкі, пакрываючыся лёгкім белым попелам. Колас. Промень гаснуў, і наваколле ахіналі мяккія змрокі. Карпаў.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Памяншацца, знікаць (пра пачуцці, веру, жаданні і пад.). Гасне туга, адыходзіць самота. Панчанка. Кляновіч адчувае ў гутарцы з сябрамі, што крыўда паволі гасне ў яго грудзях. Пестрак.
3. перан. Слабець, траціць сілы; чахнуць. Барташэвіч гас і згараў увачавідкі. Якімовіч.
гаспада́р, ‑а, м.
1. Уласнік, уладальнік каго‑, чаго‑н. Гаспадар кнігі. Гаспадар кватэры. Гаспадар фабрыкі. // Прыватны наймальнік. Гаспадар не хацеў задавольваць патрабаванні рабочых, пагражаў абвясціць лакаут. Лынькоў. // Селянін, уладальнік сялянскага двара, надзелу. Ніхто.. [Лаўрэна] не лічыў за гаспадара, а яго хату — за гаспадарку. Якімовіч. Пад самы лес бягуць шнуры, І брыюць спрытна, без заганы, Зялёны дол гаспадары. Колас.
2. (звычайна з азначэннем). Чалавек, які вядзе гаспадарку, займаецца гаспадарчымі справамі. Дбайны гаспадар. □ Навучыліся тут людзі працаваць.., адчуваць сябе добрымі, руплівымі гаспадарамі. Кулакоўскі.
3. Галава сям’і, дома. Мужчыны падалі адзін аднаму рукі, гаспадар — цвёрда і самаўпэўнена, госць — .. нясмела. Чорны.
4. Той, хто мае ўладу над кім‑, чым‑н.; паўнаўладны распарадчык. Гаспадар становішча. □ Кандрат Гуга быў больш-менш незалежным гаспадаром у сваім доме. Колас.
5. Разм. Муж. Вестка пра падзенне самаўладства ўсімі ўспрымалася як вестка пра канец вайны, пра тое, што да дзяцей вернуцца бацькі, да маці — сыны, да жонак — гаспадары. Лобан.
•••
Гаспадар свайго слова — пра чалавека, у якога слова не разыходзіцца са справай.
Сам сабе гаспадар гл. сам.
гаспада́ранне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. гаспадарыць.
гаспада́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Спосаб вытворчасці, сукупнасць прадукцыйных сіл і вытворчых адносін таго ці іншага грамадскага ўкладу. Сацыялістычная гаспадарка. Таварная гаспадарка. Натуральная гаспадарка.
2. Усё, што служыць для вытворчасці, складае вытворчасць; эканоміка (у 2 знач.). Народная гаспадарка.
3. Галіна якога‑н. віду вытворчасці, а таксама якая‑н. вытворчая адзінка. Сельская гаспадарка. Лясная гаспадарка. Рыбная гаспадарка. // Сельскагаспадарчая адзінка з прыладамі і сродкамі вытворчасці, угоддзямі, жывёлай і інш. Аднаасобная гаспадарка. □ Мікалай Каржанец сам згадзіўся кіраваць гаспадаркай і на цвёрдыя ногі паставіць калгас. Бялевіч. // Абсталяванне, інвентар, пабудовы і інш. прылады якой‑н. вытворчасці ці вытворчай адзінкі. Гаспадарка калгаса. □ За гаспадарку ненарокам Міхал на новым месцы ўзяўся: Каня, кароўку расстараўся, Завёў свіней, дзве-тры авечкі. Колас. // Разм. Рэчы, прадметы, якія належаць каму‑н., выкарыстоўваюцца кім‑н. для чаго‑н. Паходная гаспадарка. □ [Падарожнікі] вылажылі з лодкі на мост і занеслі на бераг усю сваю гаспадарку.., усцягнулі лодку на сушу. Брыль.
4. Круг абавязкаў па абслугоўванню каго‑н., па задавальненню чыіх‑н. бытавых патрэб. Ускласці гаспадарку на брата.
гаспада́рлівасць, ‑і, ж.
Здольнасць умела і эканомна кіраваць гаспадаркай (у 3, 4 знач.). Можна было.. здзіўляцца швагравым дастаткам і хваліць яго гаспадарлівасць. Брыль.
гаспада́рлівы, ‑ая, ‑ае.
Эканомны, ашчадны, руплівы ў вядзенні гаспадаркі (пра чалавека). Кабета яна [Кацярына] гаспадарлівая — не можа дапусціць, каб «прадукцыя» псавалася. Скрыпка. [Лукашу], рупліваму і гаспадарліваму, хацелася хутчэй пачынаць уборку. Кавалёў. // Уласцівы такому чалавеку; дзелавы, клапатлівы. Гаспадарлівыя рукі. □ Максімка ішоў і гаспадарлівым вокам аглядаў сенажаць. Гурскі.
гаспада́рнік, ‑а, м.
Той, хто кіруе гаспадарчай дзейнасцю ў якой‑н. галіне прамысловасць, сельскай гаспадаркі. Ціхан Піменавіч Бумажкоў стаў выдатным гаспадарнікам, вядомым кіраўніком прамысловых прадпрыемстваў. Чорны. // Той, хто загадвае гаспадаркай якой‑н. установы, прадпрыемства і інш. У лагеры засталіся адны гаспадарскі і хворыя ды яшчэ некалькі чалавек аховы. Шахавец.