га́сіць, га́шу, га́сіш, га́сіць; незак.
Разм. З размаху біць, удараць па чым‑н. Мяняліся .. [рабочыя] ўсё часцей і часцей, малатабоец усё шпарчэй і мацней гасіў з-за вуха молатам. Чорны.
гасі́ць, гашу́, га́сіш, га́сіць; незак., што.
1. Спыняць гарэнне; тушыць. Гасіць агонь. □ Маці чакала сына і не гасіла лямпы. Каваль.
2. перан. Не даваць развівацца чаму‑н.; заглушаць (жаданні, пачуцці). Гасіць усмешку. □ [Аксіння] рашыла ісці напрамую і гаварыць так, каб Палікарпаўна не магла гасіць яе словы жартамі. Кулакоўскі.
3. Рабіць што‑н. несапраўдным; пагашаць. Гасіць доўг. Гасіць паштовыя маркі.
4. Памяншаць ці ліквідаваць што‑н., аслабляць дзеянне чаго‑н. Гасіць хістанні.
•••
Гасіць вапну — змешваць едкую (нягашаную) вапну з вадой, каб атрымаць будаўнічую вапну.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)