гавары́ць, ‑вару, ‑ворыш, ‑ворыць; незак.
1. Валодаць вуснай мовай. Дзіця пачало гаварыць рана. // Вымаўляць, выгаворваць гукі мовы, словы, фразы. Манера гаварыць. Гаварыць з акцэнтам. □ Нешта сціскала глотку і не давала гаварыць. Шамякін. // Валодаць якой‑н. мовай. Гаварыць па-руску. Гаварыць па-нямецку.
2. што і без дап. Выражаць вусна якія‑н. думкі, паведамляць факты і інш. Гаварыць праўду. Гаварыць прамову. □ Ад усяго сэрца і душы гавару табе шчырае слова, вялікі мой, гераічны і слаўны беларускі народзе. Купала. Гаворыць Сцёпка і на Алёнку не глядзіць, каб па вачах яго не пазнала, што ён трохі туману напускае. Колас. // Раіць, загадваць, навучаць. Вучылася Наташа ўвесь час выдатна і выконвала ўсё, што гаварылі настаўнікі. Шамякін. — Не хадзі, табе гавару, не хадзі... — шаптала .. [Вера] сухімі бяскроўнымі вуснамі. Лынькоў. // Расказваць, паведамляць пісьмова або ў друку (пра аўтара, гісторыю, летапісца і інш.). З. Бядуля сваім творам гаварыў чытачу, што трэба ўмець пад прыемнай знешняй маскай пазнаваць драпежны твар ворага. Кудраўцаў. // Паведамляць, перадаваць якую‑н. думку сваім зместам (пра кнігі, дакументы, надпісы і пад.). Абвестка на сцяне дома гаварыла, пра што будзе сход. Чорны. // перан. Выражаць сабой, паказваць на якія‑н. думкі, пачуцці. Калі каханне — гавораць вочы Тугой і шчасцем выразней слоў. Чарнушэвіч. Апошнім чытаў вершы сціплы на выгляд хлопец па прозвішчу Заранік. Прозвішча нічога не гаварыла слухачам. Хадкевіч. // Падказваць, прадказваць (пра адчуванні і пад.). А мыслі і сэрца гавораць — Не вер яму [ваяку-прыблудзе], рыжаму, не! Колас.
3. Весці гутарку, размаўляць з кім‑н. — Вы мне, таварыш Кавалькевіч, толькі прыемнасць зробіце, калі са мною пра гаспадарку гаварыць будзеце. Бядуля. Да світання Мы з табою Гаварылі, Сэрца сэрцу Назаўсёды Падарылі... Дзеружынскі. // Абгаворваць каго‑, што‑н., абмяркоўваць што‑н. [Жлукта:] Таварышы, я зусім не хачу, каб пра мяне гаварылі, што я блатмайстар які-небудзь. Крапіва. // неазначальна-асабовы (у 3 ас. мн.). Ходзяць чуткі, кажуць. Не воўк работа, як гавораць, І ў лес яна не пабяжыць. Колас.
4. Выражаць сабой што‑н., сведчыць аб чым‑н., паказваць на што‑н. Яны аж стракацелі ў вачах, гэтыя ўмоўныя значкі, якія гаварылі аб партызанскіх атрадах, вазах. Лынькоў.
5. перан. Праяўляцца ў чыіх‑н. паводзінах, учынках, словах і пад. Гэта не я гавару — гора маё гаворыць. З нар. [Наталля:] Я тут не вінавата. Гэта ваша маладосць гаворыць у вас. Крапіва.
•••
Гаварыць на карысць каго-чаго — служыць доказам, пацвярджэннем дадатных якасцей каго‑, чаго‑н.
Гаварыць на розных мовах — не разумець адзін аднаго.
Гаварыць у руку — трапляць у тон чыёй‑н. размове, падтрымліваць чыю‑н. думку, погляд.
Да трох не гавары каму — пра зласлівага строгага чалавека, які не церпіць пярэчанняў.
(Ды) што (і) гаварыць — доказаў не патрабуецца, і так зразумела.
Кроў гаворыць гл. кроў.
Што ні гавары — нягледзячы ні на што, у любым выпадку.