асі́ннік, ‑у, м.
1. Асінавы лес, хмызняк. Шуміць драбналессе: малады бярэзнік, асіннік, алешнік. □ Навокал рос змешаны лес, траплялі стромкія сосны, прысадзістыя елкі, бярэзнік і асіннік, пры дарозе пусціўся ядловец. Гурскі.
2. Асінавыя дровы, будаўнічы матэрыял з асіны і інш. Навазіць асінніку.
асі́ннікавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да асінніку.
асінхро́нны, ‑ая, ‑ае.
Не адначасова, не аднолькавы. Асінхронная машына. Асінхронная муфта. Асінхронны рухавік.
[Ад грэч. a — не, без і synchronos — адначасовы.]
асі́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да асы.
•••
Асінае гняздо гл. гняздо.
асіпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да асіпнуць.
асі́плы, ‑ая, ‑ае.
Які страціў чысціню і гучнасць голасу; сіпаты. Асіплыя гудкі. □ Глухаватым, асіплым голасам.. [Андрэй Іванавіч] запеў калыханку. Лынькоў.
асі́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. асіп, ‑ла; зак.
Страціць чысціню і гучнасць голасу; стаць сіпатым. Агні згаслі ў вачах, і голле асіп, быццам глытнуў з гарачае смагі сцюдзёнай вады. Мікуліч. / у перан. ужыв. Але голас фагота Чамусьці асіп, Вось і флейты сыгралі Апошняе скерца. Глебка.
асіраце́ласць, ‑і, ж.
Уласцівасць асірацелага. Ганна выцірала дзецям тварыкі фартухом і крыху плакала, нічога не кажучы пра сваю жаночую асірацеласць. Пестрак.
асіраце́лы, ‑ая, ‑ае.
Які стаў сіратою. Пасылаліся з далёкага фронту пісьмы ў глухія закуткі палескіх вёсак, і часта адказам на гэтыя пісьмы быў горкі плач асірацелых дзяцей і маладых удоў. Колас. Пан Чапкоўскі загадаў .. [Анэлі] карміць сваім малаком асірацелых шчанят. Бядуля. // перан. Які страціў блізкага, любімага чалавека. // перан. Пакінуты гаспадарамі, насельнікамі; запусцелы, закінуты. Асірацелае сяло. □ Асірацелыя старыя дубы ў чорных шапках бусліных гнёздаў спакойна стаялі, не варушачы ніводным лістом. Колас. Гарэлі хаты, недаўменна раўлі асірацелыя каровы. Брыль.