аслупо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да аслупаваць.
аслупяне́лы, ‑ая, ‑ае.
Які стаў нерухомы ад моцнага ўзрушэння; анямелы ад здзіўлення. Скончыўшы чытаць,.. [дзяўчына] нейкі час стаяла ў аслупянелай задуме і раптам прытулілася ілбом да дрэва і заплакала. Чорны. Анежка стаяла, аслупянелая ад нечаканасці, глядзела ўслед Алесю. Броўка.
аслупяне́нне, ‑я, н.
Стан паводле знач. дзеясл. аслупянець. Не відаць было, ці.. [гаспадар] куды гэтак пільна ўзіраецца, ці проста закамянеў у дзіўным аслупяненні. Зарэцкі.
аслупяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Знерухомець ад моцнага ўзрушэння; анямець ад здзіўлення і інш. Раптам Гарпіна схамянулася і ўся аслупянела ад здзіўлення — гэта ж па радыё называлі яе імя, звярталіся да яе! Краўчанка. Усхапіўшыся, ён [Вайцех] сеў і аслупянеў адразу: недалёка, якраз насупраць яго, ля бярэзніку, дзесяткі два дзікоў калашмацілі мэдлікі пшаніцы, як толькі маглі. Пташнікаў. На дзядзьку-кухара глядзелі, Як бы яны [дзеці] аслупянелі. Колас.
аслу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Добра не пачуць, не разабраць, што сказана. — Дзвесце пудоў? — аж нахіліўся цераз стол Даніла. Ці не аслухаўся ён? Пальчэўскі.
2. Уважліва паслухаць нейкі час; услухацца. Аслухаўшыся,.. [Міхась] кашлянуў яшчэ раз, ужо сумыслу, ізноў па школе пайшоў шум. Колас.
аслу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Тое, што і абслухаць. [Шафёр:] — Мы раздзелі малога, урач агледзеў яго, аслухаў. Кулакоўскі.
аслу́хвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да аслухваць.
аслу́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да аслухаць.
асляня́ і аслянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.
Дзіцяня асла.