асеці́ны, ‑аў; адз. асецін, ‑а, м.; асецінка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. асецінкі, ‑нак; ж.
Народ, які складае асноўнае насельніцтва Паўночна-Асецінскай АССР і Паўднёва-Асецінскай аўтаномнай вобласці.
асе́ць, ‑і, ж.
Прыбудоўка да тока, у якой сушаць снапы.
асе́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Адсутнасць выстралу пры спуску курка ў выніку няспраўнасці зброі або патрона. Тадэўчык.. прыцэліўся і націснуў курок. — Асечка! Порах, мабыць, мокры... Бядуля. // перан. Разм. Няўдача, прамашка ў якой‑н. справе. Відаць, Бародка разлічваў на іншы эфект: па-мужчынску пажартуюць — і ўсё.. Але яўна атрымалася асечка, і Арцём Захаравіч ураз забыўся на кулінарыю, павярнуўся да Лемяшэвіча расчырванелы, калючы. Шамякін.
асячы́ і (радзей) асе́кчы, асяку, асячэш, асячэ; асячом, асечаце, асякуць; пр. асек, ‑ла; зак., каго-што.
Тое, што і абсячы (абсекчы).
асячы́ся і (радзей) асе́кчыся, асякуся, асячэшся, асячэцца; асячомся, асечацеся, асякуцца; пр. асекся, ‑лася; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Не зрабіць выстралу (пра ружжо, рэвальвер і інш.).
2. Нечакана спыніць гаворку, запнуцца на слове. Надзя неяк адразу асеклася, пачырванела. Кулакоўскі. // Пацярпець няўдачу ў чым‑н. [Аксіння:] — Асеклася раз, дык цяпер разумнейшай буду. Гурскі.