Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лі́шкавы, ‑ая, ‑ае.

Які перавышае патрэбнасць, норму; залішні. Лішкавая кіслотнасць. Лішкавая рабочая сіла. Лішкавыя тавары.

лі́шне, прысл.

1. Вельмі, празмерна. Цішыня... цягнецца лішне доўга і трывожна нездарма. На фронце — гэта, безумоўна, зацішша перад новай бурай. Брыль.

2. Многа, залішне. Не было часу лішне гаварыць, вясна ішла шпарка. Чорны. Людзі стараліся патрапіць след у след, каб лішне не ісці цаліной. Лынькоў.

лі́шні, ‑яя, ‑яе.

1. Які перавышае патрэбную ці ўстаноўленую колькасць, норму. Лішні экземпляр кнігі. Лішнія грошы. □ [Гарлахвацкі:] Па-мойму, цёця Каця, вы лішнюю плошчу падмятаеце... Крапіва. // Празмерны, залішні. У пакоі свежа, хвоі, стоячы каля самых вокан, не прапускаюць у дом лішняга сонца. Лужанін. [Егер] трымаў сябе вельмі асцярожна, не дазваляючы сабе ніводнага лішняга руху. В. Вольскі.

2. Такі, без якога можна абысціся; непатрэбны. [Дзіміна:] Кашын патрэбен быў пры штурмаўшчыне. Пры рытмічнай жа рабоце ён лішні. Карпаў. // Непажаданы. Марыля зрабілася зусім чужой і лішняй у .. хаце. Брыль. Сцёпка дастаў з кішэні некалькі памятых лісткоў, азірнуўся, каб не было лішніх сведак. Колас.

3. Дадатковы, дабавачны. — Маленькі агонь можна і ў будане трымаць. — Дым будзе, ды і месца для яго лішняе трэба. Маўр.

•••

Без лішніх слоў гл. слова.

Лішняя капейка гл. капейка.

лі́шніца, ‑ы, ж.

Разм.

1. Дастатак; лішак. Не звыклыя да лішніцы і празмернага клопату, больш за ўсё .. [дзеці] прагнулі толькі ласкі. Васілевіч. Жыццё .. крыху наладзілася, але ў гаспадарцы лішніцы не было. Пянкрат.

2. Большае чым патрэбна, чым можна. Ёй [Марыйцы] можна сёння лішніцу паспаць, — Такі ў яе дзянёк ужо сягоння. Дзяргай.

лі́штва, ‑ы, ж.

1. Накладная, звычайна фігурная планка вакол дзвярнога ці аконнага праёма. Дом быў невялікі, .. з блакітнымі аканіцамі, з узорыстымі ліштвамі і прыгожым вільчаком. Шахавец.

2. Металічная накладная пласцінка з шчылінай для ключа на дзвярах, шуфлядах і пад.

3. Разм. Тое, што і плінтус.

4. Падгорнутая або нашытая палоска матэрыі для аддзелкі, падрубкі. Акаловіч .. пачаў абмацваць .. ліштву, па якой зашпільвалася кашуля. Чорны.

лішэ́нец, ‑нца, м.

Разм. У СССР да прыняцця Канстытуцыі 1936 г. — чалавек, пазбаўлены выбарчых і іншых грамадзянскіх правоў у сувязі з прыналежнасцю да эксплуататарскага класа.

лішэ́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Жан. да лішэнец.

лія́ла, ‑а, н.

Спец.

1. Форма для адліўкі металу; зложніца.

2. Канал уздоўж борта судна ў ніжняй частцы трума для сцякання вады.

лія́на, ‑ы, ж.

Павойная кустовая або дрэвавая расліна, пашыраная, галоўным чынам, у трапічных і субтрапічных лясах. Амаль кожны курган пакрыты расліннасцю: шыпшыннікам, крушынай і вольхай, за якія ахвотна чапляюцца жывучыя парасткі ліян. Самуйлёнак. Там бразільскі лес, ліяны, Тут дыван зялёны прэрый. Іх ад сіні акіяну Аддзяляюць Кардыльеры. Крапіва.

[Фр. liane.]

лія́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ліяны.